Рэжым прымае новыя захады супраць «беглых»


Камітэт дзяржаўнай бяспекі зацікавіўся дзейнасцю натарыусаў, якія афармляюць угоды з нерухомасцю. Пра гэта паведаміла радыё «Свабода» са спасылкаю на свае крыніцы. Службоўцы КДБ пайшлі па натарыяльных канторах. Правяралі ўсіх, праводзілі прафілактычныя гутаркі. Цяпер натарыус мусіць праверыць перад афармленнем угоды, ці няма кліента ў гэтак званых спісах тэрарыстаў або экстрэмістаў. Калі так, ён абавязаны «паведаміць у органы».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усе гэтыя правілы накіраваныя на тое, каб павялічыць ціск на тых, хто не згодны з уладамі, – упэўнены

юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк. – Гэта ўсё звязанае са свабодай выказвання свайго меркавання, свабодай мець сваё меркаванне. На тых, хто пратэстуе, хто ў Беларусі ці за межамі. Гэта ўсё – дзеля запалохвання».

Паводле «Свабоды», у адным з беларускіх райцэнтраў натарыус выпісвала даверанасці без асабістай прысутнасці грамадзянаў: тыя людзі застаюцца за мяжой і не маюць магчымасці бяспечна наведаць Радзіму. Гэткі выпадак даў падставу сілавікам праверыць усіх натарыусаў у Беларусі і жорстка іх папярэдзіць наконт некаторых кліентаў. Такія ўчынкі, на думку гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, цалкам адпавядаюць папярэдняй логіцы паводзінаў лукашэнкаўскага рэжыму.

«Тыя людзі, якія Беларусь пакінулі ў кантэксце падзеяў 20-га года і пазнейшых, лічацца здраднікамі. Гэтыя людзі нібыта “здрадзілі Радзіме”. Адпаведна, здраднікі не мусяць мець ніякіх сувязяў з Радзімай. І ўсё, што іх звязвае з Радзімай, – нерухомасць, маёмасць, усё, што ў іх там ёсць, – павінна быць адрэзана».

З генеральнай даверанасцю, аформленай у Беларусі, закон пакуль яшчэ дазваляе прадаць нерухомасць ці атрымаць даведку на чалавека, які застаецца за мяжою. Але патрабуецца прысутнасць уладальніка нерухомасці, напрыклад, у Агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру. Апастыль на ўсе дакументы таксама трэба рабіць выключна ў Беларусі і аплачваць гэтую працэдуру асабіста.

Раман Кісляк падкрэсліў, што з гэтымі зменамі грамадзяне застаюцца без абароны, без магчымасці карыстацца ўсімі законамі, усімі магчымасцямі. Гэта моцна абмяжоўвае асобу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэсты 2020 года ў Менску.
Фота: Рада БНР/Facebook

Адмыслоўцы Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы ацэньваюць маштаб эміграцыі беларусаў пасля 2020 года ў 400-500 тысяч асобаў. Большасць з іх пакуль не можа вярнуцца на Радзіму з меркаванняў бяспекі, каб належным чынам аформіць спадчыну. І тады ўся гэтая маёмасць адыдзе дзяржаве. Як адзначыў Аляксандр Фрыдман, канфіскаваныя кватэры могуць стаць падарункамі хаўруснікам дыктатара.

«Іх пасля размяркоўваюць, і тым самым Лукашэнка яшчэ мацней прывязвае да сябе сваю «кліентуру», тых людзей, якія працуюць на яго, асабліва ў сілавых органах. А іх становіцца ўсё больш і больш. І яны цалкам абавязаныя цяпер менавіта Лукашэнку. Увесь гэты апарат таксама знаходзіцца пад кантролем».

Новаўвядзенні пры продажы нерухомасці – не адзіныя захады, што ствараюць дадатковыя праблемы беларусам замежжа. Эмігранты не толькі не могуць прадаць жытло ў Беларусі, але і не маюць магчымасці атрымаць за мяжою пашпарт. Іх масава ўносяць у гэтак званую «базу дармаедаў» і нават плануюць пазбаўляць грамадзянства.

Марына Яновіч, «Белсат»