Зяленскі прыехаў з візітам у ЗША


Першы з пачатку вайны міжнародны візіт Уладзіміра Зяленскага адбываецца напярэдадні Калядаў – аднаго з галоўных і папулярных святаў. У тым ліку і ў ЗША. У гэты час прынята дарыць падарункі, і, здаецца, Уладзімір Зяленскі вернецца дадому не з пустымі рукамі. ЗША анансавалі чарговы пакет вайсковай дапамогі. У яго ўвойдзе ракетная батарэя «Пэтрыят», а таксама іншыя супрацьпаветраныя сродкі абароны: «Нэсэмс», «Гок», «Стынгеры», абсталяванне супраць беспілотнікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Знайшоў час, знайшоў магчымасць упершыню з пачатку вайны пакінуць Кіеў і прыляцець у ЗША. Гэта павінна сведчыць пра важнасць, якую ён надае гэтаму візіту. Гэта павінна падкрэсліць яго адданасць дапамозе з боку Амерыцы і пераканаць тых скептыкаў, якія наўрад ці здолеюць яму кінуць у твар нейкія пярэчанні», – перакананы палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

З новага пакету дапамогі вылучаецца комплекс «Пэтрыят». Гэта ракетная сістэма класу «зямля – паветра». Яна выкарыстоўваецца арміяй ЗША і войскамі некаторых іншых дзяржаваў. Напрыклад, Ізраілю, Нідэрландаў, Нямеччыны, Польшчы, Японіі. Наколькі «Пэтрыят» будзе эфектыўным супраць расейскіх атак, скіраваных у тым ліку на знішчэнне крытычнай украінскай інфраструктуры?

«Аднаго комплексу мала, – лічыць вайсковы эксперт Іван Ступак. – Іх трэба шмат. Пяць, шэсць, каб хоць неяк закрыць неба. Пагатоў СПА – гэта эшаланаваная абарона дальняга радыусу дзеяння, сярэдняга і блізкага. Мноства розных сістэмаў. І казаць, што будзе адзін «Пэтрыят» (восем пускавых установак і 32 ракеты), які закрые ўсё нашае неба… Ды не, не закрые. На маю думку, будуць закрываць Кіеў, як расяяне кажуць, цэнтры прыняцця рашэнняў, дыпламатычныя ўстановы. Гэта было б лагічна».

Але і гэта ўжо нешта! Адметна, што за некалькі дзён да візіту Зяленскага ў ЗША ў Менск прыязджаў Пуцін разам з шырокім колам асобаў з ягонага атачэння. Лукашэнка пасля гэтага пахваліўся, што атрымаў расейскія ЗРК С-400 і ракетны комплекс «Іскандэр».

Да таго ж частка беларускіх самалётаў Су-25 цяпер удасканальваюцца з мэтай атрымання тэхнічнай магчымасці несці ядравую зброю. А з вайсковых аэрадромаў, згодна з тэлеграм-каналам «Беларускі Гаюн», сёння ўздымаліся ў паветра знішчальнікі. Магчыма, з мэтаю спраўдзіць, як працуе СПА Украіны.

«Пакуль што мы не бачым перадумоваў для ўварвання. Мы бачым, што ганяюць тэхніку туды-сюды, – заўважае Іван Ступак. – 20 танкаў, 20 БМП. Але гэтага мала. Галоўны паказнік гатовасці да вайны – гэта калі сфармуюцца вялікія склады з боекамплектамі і запаснымі часткамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, харчамі больш як на трое содняў – на тыдзень, два, тры. І другі значны паказнік – гэта калі боепрыпасы пачнуць разладоўваць проста на грунт».

Цягам апошніх дзён тэлеграм-каналы публікуюць інфармацыю пра перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі калонаў расейскай вайсковай тэхнікі. А сёння на станцыю Палонка недалёка ад Баранавічаў прыбыў цэлы эшалон з тэхнікай і асабовым складам узброеных сілаў РФ. Ці рыхтуюць расейцы новае ўварванне ва Украіну з поўначы пры магчымым суўдзеле беларускіх вайскоўцаў?

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў мяркуе, што магчыма як адцягненне ўвагі ўкраінскіх войскаў, гэтак і падрыхтоўка наступу. Аднак ваеннага сэнсу атака на Кіеў не мае.

«Ёсць сэнс Расеі нападаць на захад Украіны каб перакрыць галоўныя магістралі: Корасцень – Кіеў, па якой паступаюць тэхніка і ўсе астатняе. Гэта чыгуначныя і аўтамабільныя магістралі, якія знаходзяцца блізка ад беларускай мяжы. Плюс ёсць Ровенская АЭС, якая таксама даволі блізка».

Пакуль незразумела, ці будзе рухацца ўся гэтая тэхніка ў бок Украіны. Між тым адсправаздачыўся дзяржаўны памежны камітэт. Заўтра ўводзяць абмежаванні на наведанне памежнай паласы ў Брагінскім, Лоеўскім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці.

Ян Федаровіч, «Белсат»