Удзельнікі згадваюць Рэвалюцыю годнасці ва Украіне


Фотаздымкі з акрываўленым Міколам Кузняцовым разам з сынам сталіся адным з сімвалаў Рэвалюцыі годнасці. Іх зрабілі 18 лютага 2014 года, і яны абляцелі ўвесь свет.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мікола сустракаецца з намі праз дзесяць гадоў непадалёк месца, дзе яны з сынам трапілі ў аб’ектыў фотакамераў.

«Мы проста ішлі ў кірунку Вярхоўнай Рады, падышлі – там “Беркут” стаяў. І яны нас накрылі. Тады яны пачалі біць па галаве і лапатках. Пераважна па спіне гэтымі дубінкамі, а гэта вельмі жорстка, яны фактычна не гнуцца. Разбілі галаву сыну, разбілі мне і лапатку зламалі», – узгадвае Мікола Кузняцоў.

Мікола – навуковец, прафесар, доктар тэхнічных навук. Разам з сямʼёй ён далучыўся да пратэстаў супраць рашэння тагачасных уладаў прыпыніць еўраінтэграцыю Украіны.

21 лістапада 2013 года ўкраінскі журналіст Мустафа Наем апублікаваў у «Фэйсбуку» пост, у якім заклікаў неабыякавых сабрацца ў цэнтры Кіева.

«21 лістапада мы былі ў оперы, і тады ўсім пачалі прыходзіць SMS: “Ты ідзеш на Майдан? Ты ідзеш на Майдан?”», – узгадвае праваабаронца, удзельніца Рэвалюцыі годнасці Любоў Галан.

Тады яна была 17-гадоваю студэнткаю Кіева-Магілянскай акадэміі.

«Майдан неяк арганічна стаў працягам усіх тых пратэстаў, што былі ў 2013 годзе на іншыя тэмы. І да 2013 года вельмі шмат было незадаволення з нагоды сістэмы ўлады агулам і падыходу да ўлады, з нагоды паліцэйскага гвалту, пераследаў, вядзення бізнесу», – кажа Любоў Галан.

У першыя дні бальшыню пратэстоўцаў складалі студэнты. У ноч на 30-га лістапада нібыта дзеля ўсталявання навагодняй ялінкі атрады спецпадраздзялення Міністэрства ўнутраных справаў «Беркут» паспрабавалі сілаю разагнаць пратэстоўцаў.

«Калі нас разганялі, у мяне ў галаве была карцінка, што гэта Беларусь. То бок гэта ўжо канец, гэта пачатак аўтарытарнага жарсткачу і заўтра мы апынёмся ў аўтарытарным рэжыме. Самым вялікім маім уражаннем, тым, што неяк натхніла мяне на ўсё жыццё, было тое, што людзі сапраўды наступным ранкам выйшлі. Я зразумела, што мы сапраўды не Беларусь і не Расея», – кажа Любоў Галан.

Ірына Кісялева на Майдане ў 2014 годзе.
Фота: асабісты архіў Ірыны Кісялёвай.

У адказ на разгон наступнаю раніцай на Майдане сабраліся сотні тысяч чалавек з усёй Украіны.

«Я была такой шчаслівай, калі пасля нашага збіцця Кіеў устаў», – кажа пенсіянерка Любаміра Кеплер.

Калі пачаліся пратэсты на Майдане, жанчына жыла ў Нямеччыне. Сачыла за падзеямі ў навінах, але 27 лістапада ўжо была з валізкай у сталіцы.

«Чаму я пастанавіла прыехаць? Па-першае, я хацела зменаў ва Украіне, я хацела, каб Украіна была Еўропай. І я хацела, каб Украіна зрабілася іншаю, такою, якою павінна быць», – тлумачыць Любаміра Кеплер.

Цяпер жанчына жыве ў Кіеве і займаецца валанцёрствам: ахвяруе для арміі са сваёй пенсіі, пляце маскавальныя сеткі і ездзіць па неабходную тэхніку для байцоў за мяжу.

«Барацьба працягваецца, і калі мне кажуць: “забудзься пра Майдан, у нас вайна”, я адказваю: “Гэта ўсё працяг аднаго працэсу”. У нас няма права адступаць, мы павінныя працягваць тое, што рабілі раней, і верыць у тое, у што верым», – кажа Любаміра Кеплер.

Працягам працэсу дзесяцігадовай даўніны назваў цяперашнія падзеі і Уладзімір Зяленскі. Прэзідэнт звярнуўся да ўкраінцаў з нагоды Дня годнасці і свабоды:

«10 гадоў таму мы пачалі новую старонку барацьбы. 10 гадоў таму ўкраінцы пачалі сваё першае контрнаступленне. Супраць беззаконня, супраць спробаў пазбавіць нас нашай еўрапейскай будучыні. Супраць нашага заняволення».

Сёння ўкраінцы абараняюць не толькі свае годнасць і свабоду, заваяваныя дзесяць гадоў таму, але і ўсю Еўропу, перакананы прэзідэнт.

Марына Ступак, Мікалай Квас, Віктар Ляўчук, Ірына Дарафейчук, «Белсат»