Пачаўся суд над сынам Анатоля Лябедзькі


Справу палітзняволенага прадпрымальніка Арцёма Лябедзькі ў Менскім гарадскім судзе пачаў разглядаць Яўген Пісарэвіч. Сыну вядомага апазіцыйнага палітыка інкрымінуюць фінансаванне дзейнасці «экстрэмісцкага фармавання». Працэс, адрозна ад большасці палітычных судоў, зрабілі адкрытым. Паводле матэрыялаў справы, Арцём Лябедзька праз мабільны тэлефон і праз Facebook зрабіў шэраг грашовых пераводаў арганізацыям, прызнаным «экстрэмісцкімі».

«Калі мой сын ахвяраваў тым, хто быў збіты, каму патрэбныя былі лекі, каму была патрэбная дапамога ў 20-м годзе, то гэта не злачынства. Ён не краў з дзяржаўнага бюджэту, ён нікога не рабаваў. Ён рабіў тое, чым кожны бацька, кожныя бацькі могуць толькі ганарыцца», – кажа Анатоль Лябедзька.

Арцёма Лябедзьку затрымалі напрыканцы сакавіка, двойчы запар засудзілі на 15 содняў арышту. На волю ён так і не выйшаў. Цяпер яму пагражае ад трох да пяці гадоў зняволення. Святлана Ціханоўская адрэагавала на сённяшні пачатак працэсу ў Twitter:

«Усе мы, хто працуе ў выгнанні дзеля свабоды Беларусі, ведаем, што рэжым помсціць нашым сем’ям. Сёння пачаўся суд над Арцёмам Лябедзькам, сынам майго прадстаўніка ў сферы канстытуцыйнай рэформы. Гэты ганебны акт несправядлівасці не зломіць нашай волі да барацьбы».

Яшчэ адзін гучны працэс пачаўся ў тым жа Менскім гарадскім судзе – ідзе разгляд крымінальнай справы пра пашкоджанне будынку амбасады Беларусі ў Вялікай Брытаніі. Працэс адбываецца завочна – грамадзяне Беларусі Вадзім Багакоў, Максім Зуеў, Аляксандр Напрэенка і Сяргей Рабушка цяпер за межамі краіны. Паводле БелТА, у снежні 2021-га яны размясцілі ля ўваходу ў амбасаду ў Лондане абразлівую інсталяцыю і закідалі яйкамі фасад будынку. Шкоду працаўнікі амбасады ацанілі на больш як 142 тысячы рублёў, хаця ў Брытаніі справу даўно закрылі.

«Наўрад ці хтосьці, хто можа даць абʼектыўную ацэнку, бачыў той дакумент, які быў прадстаўлены суду на ацэнку. А мы ведаем, як суды цяпер ацэньваюць доказы, прадстаўленыя абвінавачаннем, – ім вераць цалкам і непадзельна», – падкрэслівае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Прысуды ў палітычных справах у Беларусі робяцца ўсё больш жорсткімі і ўсё больш абсурднымі, а вынікі іх часта хаваюцца. Так, праваабаронцам стала вядома пра прысуд 54-гадоваму менчуку Ігару Папову. Мужчыну яшчэ ў траўні пакаралі за каментары ў інтэрнэце. Яго судзілі на закрытым працэсе – як асобу, што ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне. Валянціна Зянкевіч прызначыла яму бестэрміновае прымусовае лячэнне са строгім наглядам.

«Падставай для прымянення прымусовых захадаў, а фактычна пазбаўлення волі, сталі дзеянні, што не мелі па-сапраўднаму злачыннага характару, яны толькі з палітычных матываў былі прызнаныя такімі, і таму мы відавочна будзем прызнаваць Ігара Папова палітзняволеным», – кажа Павел Сапелка.

Паводле розных праваабарончых арганізацыяў, 1495 або нават 1743 асобы несправядліва трымаюць у няволі. Не выключана, што рэжым зноў пачне гандляваць вязнямі, кажа Анатоль Лябедзька. Патрабаваць гэтага можа Кітай, для якога важны транзіт з Еўропай праз Беларусь. Міністр абароны Кітаю Лі Шан Фу наведваў Менск на мінулым тыдні.

«Перакрыць гэтыя артэрыі балюча для Кітаю, і ён можа рабіць ціск на беларускі рэжым, яны могуць нешта рабіць. Падкрэсліваю: гэта не вяртанне да чалавечнасці, а цынічны прагматызм», – кажа Анатоль Лябедзька.

Пакуль жа суды працягваюцца, не пакідае рэжым у спакоі і былых палітвязняў. Так, супраць Дзмітрыя Абрамука, які цалкам адбыў тэрмін і пакінуў Беларусь, завялі новую крымінальную справу. У доме, дзе жыве ягоная маці, зладзілі ператрус і арыштавалі маёмасць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»