Падчас інвентарызацыі зямель у Менску знайшлі парушэнні заканадаўства


Неўпарадкаваныя праз камунальнікаў двары – распаўсюджаная праблема. Упарадкаваныя праз жыхароў пад’езды і падворкі – распаўсюджаная практыка. Тым не менш за навядзенне прыгажосці ля дамоў будуць караць згодна з адміністратыўным кодэксам. Як упарадкаваць двор і не атрымаць за гэта штраф?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адзін з Менскіх двароў. Травень. Жанчына садзіць кветкі, бо як без іх пад вакном? Але вырашы яна пасадзіць дрэвы ці ўсталяваць лавачкі, можа атрымаць штраф да 25-ці базавых велічынь.

«У выпадку самавольнага добраўпарадкавання жыхары дому будуць прыцягнутыя да адказнасці. Калі бачныя сляды, што гэта нядаўна пасаджанае, дапусцім, тыдзень таму, то ЖЭС пойдзе выпісваць штраф», – паведамілі ў ЖКГ Ленінскага раёну Менску.

Добраўпарадкаванне могуць палічыць нават «вандальнымі дзеяннямі». Гэта калі без дазволу ЖЭС усталяваць валун на шляхах падземнай камунікацыі ці перарабіць упарадкаванне пасля капрамонту, зробленае згодна з праектам падрадчыка.

«На землях агульнага карыстання вы на гэты момант нічога не можаце зрабіць. Гэта не вашая ўласнасць. Гэта ўласнасць гораду Менску. Зямельныя ўчасткі і тэрыторыя для абслугоўвання замацаваныя за камунальнымі гаспадаркамі. То бок прыдомавая тэрыторыя замацаваная за ЖКГ», – патлумачыла працаўніца таго ж ЖКГ.

Работніца ЖКГ патлумачыла, што ахвочыя «прычасаць» дваравую прастору павінныя зрабіць адпаведны план: на скрыншоце тэрыторыі з гугл-мапы абазначыць, што і дзе будзе размешчана. Ды прынесці яго ў Жыллёва-камунальную гаспадарку падмацаваўшы лістом прыкладна такога зместу:

«Мы, жыхары 1-га пад’езду дому № 7 на вуліцы Міцкевіча, просім даць нам дазвол упарадкаваць участак плошчаю 12 квадратных метраў у цэнтральнай частцы нашага двара. Дзве лавачкі, пясочніца, арэлі. Выдаткі і адказнасць за эксплуатацыю тэрыторыі бяром на сябе. Прозвішчы. Подпісы».

Пенсіянеры сядзяць на лаўцы і размаўляюць. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Былы дэпутат Мастоўскага раённага савету Зміцер Кухлей узгадвае, што званае «самавольным» упарадкаванне заўжды было выгадным для камунальнікаў, бо ашчаджала іхны бюджэт. Выключэнні:

«Выпадкі, напрыклад, са зламанымі дзіцячымі пляцоўкамі, турнікамі, пашкоджаннямі (нават смяротны выпадак, я ўзгадваю, быў). Таму за гэтым трэба сачыць і калі яно зламанае і не рамантуецца – варта штрафаваць», – кажа былы дэпутат Мастоўскага раённага савету Зміцер Кухлей.

Амаль траціна апытаных намі беларусаў (на момант публікацыі) упарадкавалі тэрыторыю між дамоў самастойна і не мелі праблемаў. 26 % адзначылі, што іхны двор трэба ўпарадкаваць, але рабіць гэта мусяць камунальнікі.

Але адсутнасць такіх работ ці нават траўматычна небяспечныя месцы на дваровай тэрыторыі падштурхоўваюць людзей брацца за справу самім. Калі план упарадкавання тэрыторыі ўхвалены жыхарамі дому і адпавядае санітарна-тэхнічным нормам – за што штрафаваць?

«Нядаўна была апублікаваная справаздача па выканні рэспубліканскага бюджэту, і там пункты па штрафах выкананыя больш чым на 140 %. Адпаведна, можна меркаваць, што ёсць загад зверху кампенсаваць гэтыя страты», – лічыць Зміцер Кухлей.

У Беларусі толькі каля 20 % плошчаў агульнага карыстання ў падворках – у адказнасці таварыстваў уласнікаў. Рэштаю мае займацца дзяржава. Загады зверху камунальнікам, безумоўна, прыходзяць, але разам з імі не прыходзяць сумы, патрэбныя на выкананне шэрагу работ. Спадзеў, што праз гэта працаўнікі «жэсаў» будуць заплюшчваць вочы на бяскрыўдную самадзейнасць жыхароў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»