Санкцыі моцна зашкодзяць эканоміцы, а Масква – не дапаможа?


Еўразвяз увёў 4-ты пакет санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі. У спісе апынуліся буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, дзясяткамі імёнаў пашырыўся і візавы санкцыйны спіс. Але гэта яшчэ – не канец. Еўразвяз ужо рыхтуе пяты пакет, і падобна, што гэта можа моцна ўдарыць па беларускай эканоміцы.

Пасля 10-ці месяцаў актыўнага дзяржаўнага тэрору ў Беларусі Еўразвяз усё ж наважыўся на шырокія эканамічныя санкцыі.

«Санкцыі ўводзяцца, каб аказаць ціск на ўрад Беларусі, гэта моцна зашкодзіць беларускай эканоміцы. А чаго вы чакаеце, калі кагосьці караеце? Вы чакаеце змены паводзінаў», – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль.

У спіс пакараных за палітычнае звальненне працаўнікоў трапілі МАЗ, БелАЗ, МЗКЦ. Пад абмежаваннямі таксама ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ – электрамеханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч зазначае:

«Бізнесоўцы, пералічаныя ў санкцыйным спісе, – гэта дзялкі, набліжаныя да Лукашэнкі ды ягонай сям’і, і тыя, хто атрымлівае прэферэнцыі альбо істотныя льготы пры дзяржпадрадах».

Гаворка пра расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, тытунёвага магната Аляксея Алексіна, дастаўцу беларускай прадукцыі ў ААЭ ды Афрыку Аляксандра Зайцава, Сяргея Цяцерына – кіраўніка кампаніі «БелГлобалСтарт», што прадае алкаголь, Аляксандра Шатрова – кіраўніка IT-кампаніі «Сінэзіс», распрацоўка якой магла дапамагаць распазнаваць твары ўдзельнікаў пратэстаў. Сярод сваякоў Аляксандра Лукашэнкі – ягоная нявестка Лілія Лукашэнка, а таксама сярэдні сын Дзмітрый. Якой рэакцыі чакаць?

«Магчымыя, па шчырасці, два варыянты рэакцыі афіцыйнага Менску на новыя санкцыі. Гэта новыя рэпрэсіі або рэальнае зніжэнне рэпрэсіяў. Ёсць неаднаразовыя знакі, што палітвязняў прымушаюць падпісваць прашэнне аб памілаванні. Думаю, рэжым будзе спалучаць гэтыя дзеянні», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Падчас чацвёртага раўнду санкцыяў у спіс занеслі 78 асобаў. Гэта сярод іншых працаўнікі судовай сістэмы, дзяржаўных медыяў, адміністрацый універсітэтаў, чыноўнікі. Ёсць там і старэйшы сяржант з Акрэсціна Яўген Урублеўскі, і 23-гадовая Аліна Касьянчык, па абвінавачанні якой на два гады калоніі засудзілі нашых журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Наперадзе – прыняцце пятага санкцыйнага пакету. Вось як гэта анансаваў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль:

«Санкцыі ўдараць у сектары беларускай эканомікі, наўпрост звязаныя з экспартам. Вы можаце ўявіць якія».

Інфармацыйнае агенцтва Reuters сцвярджае: гаворка пра нафту і нафтапрадукты, калійную соль і тытунь. Айчыннае Міністэрства эканомікі ўжо заявіла, што беларускі экспарт проста перанакіруюць, а таму страты прынясуць толькі тры адсоткі ад ВУП.

«Нафтапрадукты ў такой колькасці Расеі не патрэбныя, як і на рынку Кітаю альбо іншых краінаў. Таксама з угнаеннямі. Таксама з металамі, хімічнымі таварамі. Рынак жорсткі, канкурэнтны. Таму вось тая лічба, якую абвяшчае Міністэрства эканомікі, яе трэба падвоіць», – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса.

Еўразвяз збіраецца прыняць і фінансавыя санкцыі. А менавіта – забарону новых пазык, забарону еўрапейскім інвестарам гандляваць з Беларуссю каштоўнымі паперамі, забарону еўрапейскім банкам надаваць Беларусі інвестыцыйныя паслугі.

Ці дапаможа Масква пераадолець гэтыя цяжкасці?

«Грошай няма, але вы трымайцеся. Я думаю, прыблізна такі адказ будзе атрымліваць афіцыйны Менск ад Масквы, паколькі яны будуць аказваць прапагандысцкую, палітычную падтрымку, але фінансавай падтрымкі не будзе. І нават гэты год паказаў, што Расея дала толькі тое, што даўно было падпісана», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Між тым на аднаўленне эканомікі пасля дзеяння санкцыяў Еўразвяз абяцае дапамогу. Тры мільярды еўраў вылучаць Беларусі пасля сыходу Лукашэнкі і правядзення дэмакратычных выбараў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»