Беларусы ўпершыню адзначылі Дзень палітвязня


Вільня, Варшава, Прага, Батумі. У розных гарадах і краінах беларусы зладзілі акцыі ў Дзень палітвязня.

Адзначаецца гэты дзень упершыню па ініцыятыве праваабаронцаў. Яго прымеркавалі да гадавіны смерці Вітольда Ашурка, які загінуў у лукашэнкаўскіх засценках роўна год таму. Цяпер у Беларусі беспрэцэдэнтная колькасць палітзняволеных – 1204 чалавека. І гэты спіс увесь час расце.

Беларусь жыве нават у турме! Вітольд Ашурак жыве вечна! У Дзень палітвязня беларусы Батумі згадваюць загінулага ў шклоўскай калоніі актывіста і тых, хто за палітычную пазіцыю застаецца ў беларускіх турмах. Удзельнікі акцыі заклікаюць пісаць ім лісты.

«Я прыйшоў на гэтую акцыю, каб падтрымаць палітвязняў, я заўсёды пішу, напэўна, раз на месяц дакладна паштоўкі палітвязням, і на гэты раз напісаў», – кажа Павел, удзельнік акцыі.

«Гэта вялікая падтрымка. Калі чалавек знаходзіцца ў ізаляцыі, любая прыкмета таго, што звонку пра яго памятаюць, для яго важны», – перакананы другі ўдзельнік акцыі Глеб.

Мітынг, шэсце. І больш за тысячу бел-чырвона-белых стужак на беразе Чорнага мора як сімвал скалечаных лёсаў беларусаў. А яшчэ чытанне апошняга ліста Вітольда Ашурка да маці.

У Варшаве памяць загінулага ў турме актывіста ўшанавалі хвілінаю маўчання.

Былы палітвязень Ціхан Клюкач правёў за кратамі 1 год і 100 дзён. Яго тройчы кідалі ў карцар агулам на 30 дзён.

Паводле яго, да палітвязняў за кратамі ставяцца значна горш, чым да звычайных злачынцаў.

«Калі гэта палітзняволены, то ў яго будзе жоўтая бірка на грудзях заўжды пад час знаходжання ў калоніі. Гэта будуць асаблівыя адносіны да яго з боку адміністрацыі, гэта будуць пазбаўленні спатканняў, пазбаўленні пасылак, магчыма будзе нейкі час, які палітзняволены правядзе ў карцары», – распавядае Ціхан Клюкач.

«Людзі знаходзяцца ў турме, беларуская турма – гэта месца, дзе, па сутнасці, чалавек падвяргаецца катаванням з-за жудасных умоў утрымання», – адзначыў прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Дзмітрый Салаўёў.

Крымінальны пераслед палітычных апанентаў у Беларусі трывае амаль столькі ж, колькі Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе. Але зараз ціск набыў беспрэцэдэнтны характар. Калі на пачатку 2020 года ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было ўсяго тры палітзняволеныя, то зараз іх колькасць перавышае 1200 чалавек.

Пра Вітольда Ашурка ды іншых беларускіх палітычных вязняў казалі і ў Вільні.

«Роўна год таму загінуў Вітольд Ашурак, я асабіста ведаў Вітольда, быў з ім у сяброўскіх адносінах і для мяне гэта па-сапраўднаму памятны дзень», – кажа муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.

«Я выйшла, каб сказаць, што Мікалай Аўтуховіч і ўсе тыя, над кім зараз ідзе суд, што іх абавязкова трэба прызнаць палітычнымі зняволенымі, інакш гэтым людзям пагражае смяротнае пакаранне», – запэўнівае сябра «Народнай грамады» Вераніка Мішчанка.

Каля амбасады Беларусі ў Вільні нашыя суайчыннікі запалілі лампады і ўзгадалі тых, каго забіў беларускі рэжым. З жоўтых налепак – біркамі такога колеру пазначаюць палітвязняў у месцах зняволення – праваабаронцы стварылі вялізнага чалавека з імёнамі рэпрэсаваных. Удзельнікі акцыі нагадалі пра важнасць напісання лістоў і падтрымкі палітвязняў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»