Амаль Варонеж: расейская авіяцыя бамбіла Белгарад


Магутнасць расейскай баявой авіяцыі адчулі на сабе жыхары расейскага ж Белгараду. Напярэдадні ўвечары ў горадзе прагрымеў магутны выбух. Першае, што прыходзіць да галавы, – ударылі Збройныя сілы Украіны. Але высветлілася, што расейская армія і сама някепска дае рады ў бамбаванні ўласных гарадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Уначы проста на вуліцы расейскага Белгараду прагрымеў магутны выбух. На горад упала паўтаратонная авіяцыйная бомба.

Міністэрства абароны Расеі выпусціла кароткае паведамленне для медыяў. Маўляў, увечары дваццатага красавіка, калі самалёт Су-34 пралятаў над Белгарадам, адбыўся «пазаштатны сыход авіяцыйнага боепрыпаса». І больш ніякіх тлумачэнняў. У паветры павісла пытанне: чаму расейскі знішчальнік-бамбавальнік з баявым грузам пралятаў над жылымі кварталамі расейскага гораду?

За пятнаццаць хвілінаў да выбуху ў адным з расейскіх пракрамлёўскіх тэлеграм-каналаў з’явілася паведамленне, што хлопцы, маўляў, паляцелі бамбіць украінцаў. Гэта калі пераказваць пост паліткарэктнымі словамі. У паведамленні згадвалася «ФАБ 1500» на падвесках. Гаворка ішла пра паўтаратонную авіябомбу. Але ўпала яна не ва Украіне, а ў Белгарадзе. На месцы выбуху – варонка дыяметрам дваццаць метраў.

Сіла выбуху была такая, што адзін з легкавікоў закінула на дах крамы. Выбуховая хваля пашкодзіла чатыры кватэры ў доме паблізу. У выніку ніхто не загінуў. Пацярпелых няшмат.

На думку Міхайлы Падаляка, дарадцы кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны, расейскія вайскоўцы прызналіся, што самі скінулі авіябомбу на Белгарад, каб не дэмаралізаваць насельніцтва. Бо калі сказаць, што гэта ўдарылі ўкраінцы, паўстануць пытанні: дзе была супрацьпаветраная абарона?

«То бок тады яны будуць разумець, што Расея не абароненая. І я цяпер анекдатычна скажу: калі Пуцін выходзіць і заяўляе, што яны могуць выкарыстаць тактычную ядравую зброю, паўстае пытанне: а ці не ў Варонежы гэта адбудзецца?» – сказаў Міхайла Падаляк.

Гэта не адзіны інцыдэнт з расейскаю зброяй. Днямі ў Тульскай вобласці цягач з зенітна-ракетным комплексам «С-400» зʼехаў з дарогі і перакуліўся. Машына завалілася проста на ракеты. Боепрыпасаў не актывавалі, таму яны не выбухнулі. Кантрактнік расейскай арміі, які кіраваў машынаю, аказаўся нецвярозым.

Ігар Сінякевіч, Валянцін Васіленка, «Белсат»