Не паехалі! Палёт першай беларускі ў космас адклаўся


Беларуска Марына Васілеўская адправіцца на Міжнародную касмічную станцыю. Але не раней за дваццаць трэцяга сакавіка. Пра гэта паведамілі ў НАСА. Касмічнае падарожжа з першаю беларускаю мусіла стартаваць сёння. Аднак у апошні момант пілатаваны карабель «Саюз МС-25», на борце якога была беларуска Марына Васілеўская, не запусцілі да МКС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ажыятаж вакол запланаванага палёту беларускі ў космас цягам апошніх месяцаў стварала лукашэнкаўская прапаганда. Самую ж Васілеўскую прапагандысты нават паставілі ў адзін шэраг з Юрыем Гагарыным. Дый увогуле, заявіў прапагандыст Грыгорый Азаронак, космас стаў дасяжны беларусам, дзякуючы Лукашэнку.

Аднак ініцыятыва з беларусамі ў космасе належыць не Лукашэнку, а Крамлю. Яшчэ ў 2021 годзе Пуцін заявіў пра гатовасць адправіць на МКС прадстаўнікоў нашае краіны. А тагачасны кіраўнік «Роскосмоса» Дзмітрый Рагозін пазней удакладніў: паляціць менавіта дзяўчына. Тое, што гэта будзе Марына Васілеўская, стала вядома летась. Менавіта яе абралі з шасці прэтэндэнтак.

На МКС Васілеўскай даручылі праводзіць эксперыменты, звязаныя з біялогіяй, фізіялогіяй ды дыстанцыйным зандаваннем Зямлі.

У экіпажы карабля, які мусіў стартаваць дваццаць першага сакавіка з Байкануру, таксама – касманаўт Алег Навіцкі і астранаўт НАСА Трэйсі Дайсан. У самой жа Васілеўскай досведу касмічных палётаў не было. Пра навуковую або тэхнічную адукацыю звестак таксама няма. З 2017 года беларуска працуе бортправадніцай на «Белавіі».

«У прынцыпе такую катэгорыю наведвальнікаў космасу я заву камандзіраваныя. Таму што яны ляцяць не за свой кошт – яны не турысты, але і не прафесійныя касманаўты. Іх запускаюць з нейкімі іншымі мэтамі. Часцей або з рэкламай, або з дзяржаўным прэстыжам, што зараз бліжэй падыходзіць да яе ролі», – адзначыў блогер і папулярызатар касманаўтыкі Віталь Ягораў.

Бортправадніца «Белавіі» Марына Васілеўская падчас рыхтавання да палёту ў космас. 6 кастрычніка 2023 года.
Крыніца: roscosmos_gk / Telegram

Чаму ж Лукашэнку ды ягонаму рэжыму так важна, каб беларуска Васілеўская даляцела да МКС?

«Вядома, у Лукашэнкі зараз не так шмат нагодаў, каб хваліцца імі на нейкім міжнародным узроўні. Ці нават на сваім унутраным узроўні. Бо яму як палітыку, вядома, трэба ладзіць такія нейкія акцыі, паказваць для свайго электарату перш за ўсё, што ён штосьці можа, што ёсць нейкія дасягненні ў Беларусі », – мяркуе палітычная аглядальніца Таццяна Ашуркевіч.

Але, на думку Віталя Ягорава, больш важны не той факт, што Васілеўская адправіцца ў космас, а наступствы ейнага падарожжа:

«Як яна ў далейшым канвертуе новы статус, чым яна будзе займацца. Ці будзе яна садзейнічаць развіццю адукацыі ў краіне, папулярызаваць касманаўтыку. Або падасца ў палітыку і будзе праседжваць дзе-небудзь фатэль у ролі дэпутата. І вось тады мы будзем ацэньваць, наколькі эфектыўны быў ейны палёт».

На Зямлю Марына Васілеўская мусіла вярнуцца другога красавіка. Прапагандысты казалі пра сімвалізм гэтай даты. Маўляў, другога красавіка – гэтак званы Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі. Але цяпер, пасля пераносу вылету, невядома, ці касманаўты да гэтай даты вернуцца.

Ірына Юр’ева, «Белсат»