Пасля доўгага маўчання: рэжым распавёў пра інцыдэнт у Горадні


Лукашэнка нарэшце сказаў пра «нейтралізацыю замежнага тэрарыста» ў Горадні. На трэці дзень. Сінхронна з ім пра інцыдэнт са стралянінаю загаварыў і дзяржаўны прапагандысцкі канал «Беларусь-24».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У лютым КДБ атрымала звесткі пра намер збеглых экстрэмістаў пераправіць з Польшчы ў Беларусь аднаго са сваіх паплечнікаў. У поле зроку КДБ трапляе чалавек з расейскім пашпартам, Ламакін Аляксей Мікалаевіч, 1981 года нараджэння. Пазней высветліцца, што дакументы падробленыя».

Кіраўнік ініцыятывы «BYPOL» Аляксандр Азараў звяртае ўвагу, што асоба гэтак званага тэрарыста засталася фактычна нераскрытай, ён нібыта мае замежнае грамадзянства, але пашпарт у яго фальшывы. То бок знайсці ягоных родзічаў ці знаёмых амаль немагчыма. Ёсць яшчэ шэраг несупадзенняў з відэа:

«На ім надзеты такі дзіўны парык, што адразу кожны бачыць, што гэта парык. І здымкі такія, нібыта чалавек ідзе побач і здымае яго. Здымае, як ён выходзіць з машыны, як ён у краме дзесьці, нібыта каля яго чалавек з камерай. Звычайна аператыўнае здыманне так не праводзіцца».

Пра інцыдэнт на вуліцы Курчатава 19 сакавіка ў Горадні паведаміў тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь». Неўзабаве дзяржаўная навінавая кампанія «БелТА» выставіла інфармацыю ад КДБ: маўляў, пры затрыманні забіты замежны ўзброены тэрарыст.

«Яны гавораць пра тое, што гэты чалавек, што ў яго агнястрэльная зброя і гранаты. Дык у нас што, дзіравая мяжа? Вязі што хочаш, ці што?», – задаецца пытаннем заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

Да таго ж, Лукашэнка пахваліўся, што пры выкананні аперацыі ніхто з прадстаўнікоў групы «Альфа» не пацярпеў. Сяргей Бульба кажа, што такое было б малаверагодным:

«У такой замкнёнай прасторы калі кінуць гранату ф-1, то я не ведаю, які там збег абставінаў мусіў быць, каб ніхто не пацярпеў».

Відавочна, у гісторыі з гарадзенскім тэрарыстам шмат несупадзенняў. Калі гэта тэатральная пастаноўка, то ў чым яе сэнс?

«Яны панеслі паразу, што дапусцілі акцыю на самалёт у Мачулішчах. І каб рэабілітавацца ў вачах грамадства, яны прыдумалі затрыманне нібыта значнае, паводле іхнай версіі, экстрэмістаў з-за мяжы», – кажа Аляксандр Азараў.

Як высветлілі журналісты парталу «Зеркало», кватэра на вуліцы Курчатава, у якой жыў меркаваны тэрарыст, здаецца на содні. Апошні раз абвестку на «Куфры» пра арэнду рэдагавалі сямнаццатага сакавіка. Звязацца з гаспадаром журналісты не змаглі: нумар схаваны, а на паведамленні на сайце ён не адказвае.

«Фактычна, як мы бачым, калі ўлады, сілавікі нешта прыдумляюць, яны любяць спачатку распавесці падрабязнасці, потым не прыводзяць ніякіх доказаў, і тэма фактычна знікае», – зазначае Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение».

Эксперт узгадвае ранейшыя ўкіды спецслужбаў. Гэтак, у 2017 годзе дзяржаўнае тэлебачанне паказала джып са зброяй, які нібыта прарываўся ў Беларусь з Украіны. Пазней гісторыю забылі. Магчыма, гэткі ж ж лёс чакае і так званага гарадзенскага тэрарыста.

Алесь Яшчанка, «Белсат»