Дзень роднай мовы ў Беларусі: сёння – паказальнае свята, а ўвесь год адбываюцца жорсткія рэпрэсіі


Завод «Прамень» выпусціў лімітаваную серыю гадзіннікаў да Дня роднай мовы. Чыноўнікі пахваліліся, што траціна школьнікаў ужывае беларускую мову ў штодзённых стасунках. Усё гэта – святочная шырма, за якою, на вялікі жаль, крыюцца жорсткія рэпрэсіі і дыскрымінацыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Давай, якія мовы ты ведаеш? – Украінскую, беларускую, ангельскую і французскую». Ігар і Алена Кулеі выхоўваюць дзвюх дачок – Еву і Маланню – у шматмоўі. З маці дзяўчынкі размаўляюць па-ўкраінску, а з татам – па-беларуску. Польскую і англійскую вучаць у варшаўскім садку.

«Для мяне гэта звязана з лёсам беларускага народу, з лёсам увогуле нашай краіны і нашай гісторыяй, бо мае бабуля і дзядуля 37 году нараджэння цалкам беларускамоўныя. Для мяне гэта вельмі істотна і важна, каб мае дзеці ў першую чаргу размаўлялі на мове, на якой размаўлялі іхныя продкі», – кажа беларускамоўны бацька Ігар Кулей.

Засваенне дзецьмі ўкраінскай і беларускай выйшла натуральным чынам. Бо кожны з бацькоў у сям’і камунікуе на сваёй роднай мове.

«Калі я пазнаёмілася з Ігарам і ён сказаў, што толькі 5 адсоткаў, можна так сказаць, беларусаў ведаюць беларускую мову, я была ў шоку, бо я не разумела, як гэта – не ведаць сваёй роднай мовы. Іншаземная – так, трэба вучыць і ведаць, але родная заўсёды павінная быць на першым месцы», – узгадвае беларускамоўная маці Алена Кулей.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, доля беларусаў, якія размаўляюць па-беларуску ўдома, павялічылася. Узрасла колькасць і тых, хто называе беларускую сваёй роднай. Але нягледзячы на станоўчую тэндэнцыю, праваабаронца Аліна Нагорная заўважае, што мова пакуль застаецца на другаснай ролі:

«Вельмі маленькая колькасць людзей разумее важнасць беларускай мовы. І нават шмат прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, яны кажуць: спачатку эканоміка, пасля – мова. І ў выніку ўжо стагоддзямі ў нас ні мовы, ні эканомікі няма».

Пра пагаршэнне стану беларускай мовы сведчаць і факты дыскрымінацыі на дзяржаўным узроўні. Гэтак, летась 14-га жніўня Магілёўская абласная бібліятэка выдаткавала 50 тысячаў рублёў на кнігі расейскіх выдавецтваў. Праз дзень кнігі беларускіх паэтаў з серыі «Беларускі кнігазбор» менскі суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Ці гучыць беларуская мова на калегіі сённяшняга Мінадукацыі? Ці гучыць? Відаць, не гучыць. Так вось хацелася б, каб нашыя міністры трохі прачнуліся, не толькі мы, але і міністры няхай прачынаюцца», – задаецца рытарычным пытаннем прадстаўнік Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка.

Беларуская мова.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: svaboda.org

Стан беларускай мовы чыноўнікі абмеркавалі напярэдадні ў Доме друку. У асноўным хваліліся. Маўляў, больш за 90% выпускнікоў школаў лічаць беларускую мову роднай і каля 30% карыстаюцца ёю ў штодзённым жыцці.

«Сярод моладзі беларуская мова ўсё больш папулярная, бо яна ўяўляе сабой маркер інтэлігентнасці, далучанасці да эліты і гэтак далей», – заявіў Вячаслаў Караткевіч з лабараторыі гуманітарнай адукацыі пры «Акадэміі адукацыі».

Але пры гэтым рэжым Лукашэнкі пераследуе грамадзянаў за ўжыванне беларускай мовы. Гэтак, пазалетась сілавікі затрымалі экскурсавода і краязнаўцу Ігара Хмару толькі за тое, што на роднай мове ён размаўляў на вуліцы. Пазней яму прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі». Трыма гадамі калоніі пакаралі адміністратара суполкі «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!» Уладзіміра Буцькаўца.

У зняволенні да беларускамоўных вязняў таксама асаблівае стаўленне. Паводле праваабаронцаў, іх часцей змяшчаюць у ШІЗА, пазбаўляюць званкоў і перадачаў.

«Зараз беларуская мова для таталітарнай сістэмы зʼяўляецца адной з галоўных мішэняў, па якой б’юць, бо ведаюць, што беларусы маюць моцную ідэнтычнасць, яны заўсёды будуць змагацца за сваю краіну, а на жаль, задача зараз у прыслужнікаў рэжыму, каб проста цалкам каланізаваць Беларусь», – тлумачыць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

У будучым, паводле дзяржаўнай стратэгіі адраджэння беларускай мовы Абʼяднанага пераходнага кабінету, мусяць адбыцца мяккія рэформы ў розных галінах, якія вернуць беларускай усе правы дзяржаўнай. Цяпер жа, зазначае Аліна Коўшык, важна падтрымліваць мову на індывідуальным узроўні.

«Нават гадзінку ў дзень, калі вы будзеце размаўляць па-беларуску, або адзін дзень на тыдзень. Чытайце беларускія казкі сваім дзеткам, уключайце беларускія падкасты, слухайце беларускіх блогераў і ад іх даведайцеся навіны, набывайце мерч з беларускай мовай», – дадае Аліна Коўшык.

Важным заданнем падтрымка мовы стаіць і перад беларусамі замежжа. Пагатоў на гэта ёсць усе магчымасці: дзякуючы адмысловым імпрэзам, канцэртам, гурткам. І дапамозе беларускамоўных ініцыятываў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»