Дзяржаўныя службоўцы і вайскоўцы, падрыхтавацца!


У Беларусі з’явіўся новы артыкул Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае найвышэйшую кару – смерць. Навошта гэта было ўведзена і каго будзе датычыць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За здраду дзяржаве цяпер будуць прымяняць найвышэйшую кару – расстрэл. Гэтая змена ў Крымінальным кодэксе будзе датычыць выключна чыноўнікаў і вайскоўцаў. Праект закону Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні.

«Гаворка ідзе пра найвышэйшых службовых асобаў. Гэта сігнал, пасыл да паплечнікаў Лукашэнкі, што калі раней за здраду ён мог шукаць на іх карупцыйныя нейкія справы, адмысловыя тэчкі з кампраматам, то цяпер стаўкі павышаюцца», – каментуе юрыст Арцём Праскаловіч.

Гэткія змены ў дачыненні дзяржаўных службоўцаў і вайскоўцаў выглядаюць абсалютна лагічна ва ўмовах, калі Расея вядзе вайну супраць Украіны, мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Гэта ёсць часткай шырокага комплексу захадаў, звязаных з вайсковымі пагрозамі: ці з тым, што рыхтуецца ўдзел беларускіх войскаў у гэтай аперацыі, ці з тым, што яны сапраўды думаюць, што на іх можа нехта напасць».

Раней 356 артыкул Крымінальнага кодэксу «За здраду дзяржаве», у які ўносяцца змены, прадугледжваў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам ці без яго. Наколькі апраўданая смяротная кара, адказвае палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Але ўвядзенне смяротнага пакарання – гэта псіхалагічная захада, мэта якой – проста зрабіць магчымы кошт для чалавека больш высокі».

Былы капітан Генеральнага штабу Узброеных сілаў Дзяніс Урад быў пакараны за нібыта здраду дзяржаве 18 гадамі пазбаўлення волі. Выходзіць, паводле новага закону, за зліў дадзеных польскаму тэлеграм-каналу хлопцу пагражала б ужо смяротная кара.

«Для вярхушкі жыццё чалавека нічога не значыць, асабліва пасля 2020 года. І смяротнае пакаранне прымянялася ў Беларусі не першы год. Па-першае, гэта антыгуманна і антычалавечна, бо дзяржава не мае права ад імя дзяржавы пазбаўляць жыцця іншага грамадзяніна», – лічыць юрыст-міжнароднік, PhD кандыдат Лявон Марозаў.

Па, другое, кажа юрыст, давер да беларускага правасуддзя мінімальны: суддзі ў Беларусі прызначаюцца ўласна Лукашэнкам, нормы права ў краіне не дзейнічаюць. А па-трэцяе, восьмага лютага ўлады дэнансавалі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – і цяпер беларусы не могуць скардзіцца ў Камітэт правоў чалавека.

«Старшыня КДБ ініцыяваў гэты закон, яны ж падпісваюць сваім імем, а далей у пракуратуры ці ў міліцыі гэта будуць выконваць. Тут цікава, колькі людзей асмеліцца паставіць пад гэтым законам свой подпіс, бо яны дакладна разумеюць, што над імі будзе міжнароднае правасуддзе», – задаецца пытаннем лічыць юрыст-міжнароднік, PhD кандыдат Лявон Марозаў.

Перад тым, як увайсці ў сілу, законапраект яшчэ мусіць прайсці Савет Рэспублікі, а пасля быць падпісаны ўласна Аляксандрам Лукашэнкам.

«На сённяшні дзень што пад экстрэмізм, што пад тэрарызм, пад любую супрацьпраўную дзейнасць, у тым ліку пад здраду дзяржаве, рэжым будзе падганяць тое, што трэба. Працэсы будуць закрытыя, прысуды будуць тыя, якія патрэбныя рэжыму. Таму аналізаваць межы выкарыстання гэтых артыкулаў, на жаль, немагчыма – іх можна толькі ацэньваць як чарговы палітычны крок з боку Лукашэнкі», – тлумачыць юрыст Арцём Праскаловіч.

Паводле агульнага правіла, закон не мае адваротнай сілы і не можа выкарыстоўвацца ў дачыненні тых, хто ўжо асуджаны. Але ж не трэба забываць, што, са словаў самога Лукашэнкі, у Беларусі «часам не да законаў».

Аліна Скрабунова, «Белсат»