Беларуска-польская мяжа: напружанне расце


«Кукурыкі-Казловічы» – пункт пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі. Менш як праз гадзіну яго зачыняць для грузавога транспарту на беларускіх нумарах. Кіроўцы, каб скарыстаць апошні шанец, стаялі ў шматкіламетровых чэргах. Мужчына ў кабіне фуры прызнаўся нашаму карэспандэнту, што стаіць у «калейцы» ўжо пятыя содні, чаму так доўга – не разумее. Пра планаваную неўзабаве забарону ўезду чуў і не чакае ад гэтага нічога добрага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Згодна з дадзенымі афіцыйнага парталу Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, чэргі з цяжкавікоў перад «Казловічамі» выраслі са 150 аўтаў апоўначы да 400 – а чацвёртай гадзіне дня.

Пасля закрыцця іншага памежнага пераходу – «Баброўнікаў» – на беларуска-польскай мяжы заставаліся толькі два аўтадарожныя пункты пропуску пры Берасці: «Тэрэспаль» – для легкавога транспарту і «Кукурыкі» – для грузавога. Пункт «Баброўнікі-Кузніца» недалёка ад Горадні польскі бок закрыў у 2021 годзе падчас міграцыйнага крызісу, а памежныя пераходы «Славатычы-Дамачава» і «Палоўцы-Пяшчатка» перасталі дзеяць у 2020-м у межах ковіднага каранціну.

«Зачыненне межаў, пераходаў, прыпыненне гандлю – гэта вельмі моцны ўдар, – адзначыў журналіст польскага выдання «Rzeczpospolita» Руслан Шошын. – Таму, канешне, калі б у Менску ўлады думалі не толькі пра сябе, пра сваё прыватнае эга ці пра свае ўласныя там нейкія амбіцыі хворыя, то яны б, канешне, думалі пра інтарэсы людзей».

Сёння ж польскі бок заявіў пра гатовасць цалкам перакрыць мяжу з Беларуссю, калі спатрэбіцца. Пра гэта ў эфіры Польскага радыё сказаў намеснік міністра замежных справаў Павел Яблоньскі. З улікам дзейнасці пунктаў пропуску на межах Беларусі з усімі суседзямі, калі Польшча закрые ўсе свае пункты, прапускная здольнасць мяжы скараціцца не менш як на пяцьдзясят адсоткаў, распавёў навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль. Паводле яго, гэтая сітуацыя стварае некаторы дыскамфорт, але застаецца кантралюемай. Магчыма, крыху знізяцца даходы ў нелегальным гандлі цыгарэтамі Лукашэнкі. Таму дзеянні ўраду Польшчы трэба каардынаваць з урадамі Літвы і Латвіі.

Польскае ж выданне «Rzeczpospolita» сцвярджае, што летась польска-беларускую мяжу праехалі больш чым 602 000 грузавых аўтамабіляў. А гэта амаль удвая менш, чым у 2021 годзе. Урад Беларусі ў адказ на пяты пакет санкцыяў прыняў захады: забараніць перавозку праз мытную мяжу з Еўразійскім эканамічным саюзам фураў, зарэгістраваных у Еўразвязе. Цяпер фуры з еўрапейскімі нумарамі праязджаюць беларускую мяжу і ў адмыслова прызначаных месцах перачапляюць паўпрычэп на беларускі цягач. За кожную машыну за содні трэба заплаціць 155 рублёў. Чым даўжэй яна чакае афармлення, перагрузкі або перачэплівання – тым большыя выдаткі. У такіх умовах здольныя выжыць толькі буйныя перавознікі, кажуць адмыслоўцы. На думку эканаміста Алега Мазаля:

«Беларусь асабліва не страціць. Толькі страціць насельніцтва, дальнабойшчыкі і, магчыма, нейкія грузаперавозчыкі, кампаніі».

Кіраўнік прыватнай лагістычнай кампаніі прызнаўся на ўмовах ананімнасці, што транспартаванне з-за мяжы праз Беларусь магчымае, але толькі калі перагрузіць тавар і перааформіць яго з паляка на грамадзяніна, умоўна, якой-кольвек краіны СНД. А транспартава-лагістычныя цэнтры і «Белмытсэрвіс» як зараблялі, так і далей будуць зарабляць.

Марына Яновіч, «Белсат»