Сем гадоў таму забілі Паўла Шарамета


«Тэрміновае паведамленне. У сераду раніцай у выніку выбуху машыны загінуў журналіст Павел Шарамет» – так на радыё «Вісті» абвесцілі пра гібель журналіста, што акурат меў быць у эфіры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сем гадоў таму ў гэты дзень у цэнтры Кіева быў падарваны аўтамабіль з вядомым беларускім журналістам Паўлам Шараметам. Калі раніцай ён ехаў на працу, спрацавала выбухоўка, якую заклалі ў аўтамабіль. Журналіст, якому тады было 45 гадоў, загінуў на месцы.

Журналістка Тэцяна Іваньска мелася весці той эфір разам з Паўлам Шараметам. У ейнай памяці калега застаўся вясёлым чалавекам:

«Чалавека таварыскага, чалавека, які можа спачуваць, чалавека, які можа цябе выслухаць – прынамсі я яго такім памятаю. А як журналіста, я думаю, у першую чаргу яго можна ахарактарызаваць як смелага журналіста».

Павел Шарамет нарадзіўся ў Менску. Працаваў вядоўцам на Беларускім тэлебачанні, рэдактарам «Белорусской деловой газеты».

«Ягоныя перадачы нават на БТ выклікалі сапраўдны рэзананс у грамадстве. Ягоныя сюжэты на першым канале выклікалі не толькі рэзананс, але і крымінальныя справы супраць журналістаў. Але гэта быў час, калі беларуская журналістыка насамрэч была вельмі вострай», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Павел Шарамет быў адным з першых журналістаў-палітвязняў пры рэжыме Лукашэнкі. У 1997 годзе пасля рэпартажу пра фактычную адсутнасць мяжы паміж Беларуссю і Літвой беларускія сілавікі абвінавацілі яго ў незаконным мінанні дзяржаўнай мяжы. Шарамет правёў у зняволенні тры месяцы.

Журналіст Павел Шарамет. Кіеў. 27 лютага 2015 года. 
Фота: УНІАН

«За Шарамета ў тых падзеях уступіўся Ельцын. Фактычна, Лукашэнку, гаўляйтару беларускай турмы, далі зверху па шапцы, змусіўшы выпусціць Шарамета», – узгадвае палітычны актывіст, былы бізнесовец, сябра Паўла Шарамета Вадзім Пракоп’еў.

Супраць палітыкі Лукашэнкі Шарамет выступаў катэгарычна, у тым ліку і працуючы ўласным карэспандэнтам расейскага тэлебачання ОРТ у Беларусі.

«Лукашэнка стварыў сістэму татальнага падаўлення любой ініцыятывы: апазіцыйнай ці праўладнай. І пакуль ён будзе пры ўладзе, не ўзыдуць на гэтым асфальце кветкі», – казаў Павел Шарамет у 2014-м годзе.

Апошнія пяць гадоў свайго жыцця Павел Шарамет працаваў у Кіеве, супрацоўнічаў з выданнем «Українська правда» і з радыё «Вісті».

«Жыў ён у Кіеве, працаваў ва ўкраінскіх медыях, але захоўваў “Беларускі партызан” і вельмі шчыльна сачыў за беларускай грамадска-палітычнай павесткай і ўдзельнічаў у ёй», – кажа Барыс Гарэцкі.

Пасля смерці журналіста ўкраінскія спецслужбы распачалі крымінальную справу за наўмыснае забойства. Сярод версіяў разглядаліся помста за прафесійную дзейнасць, непрыязныя адносіны і «расейскі след». Праз год следчае ўпраўленне засакрэціла ўсе судовыя рашэнні ў справе пра забойства Паўла Шарамета.

«Справа Паўла Шарамета набыла пэўную палітычную афарбоўку, калі прыйшоў новы прэзідэнт у 2019 годзе – Уладзімір Зяленскі. Ён, між іншага, перад тагачасным міністрам унутраных справаў Авакавым паставіў патрабаванне раскрыць забойства Паўла Шарамета», – кажа рэдактарка Праекту расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці, журналістка «Слідство.Інфо» Ганна Бабінец.

У снежні 2019-га стала вядома затрыманне траіх падазраваных: музыкі Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі, якая нібыта і ўсталявала міну на машыну Паўла, і вайсковай медсястры Яны Дугар. Падазраваныя сваю датычнасць да забойства адмаўляюць. Фігураваў у справе і беларус Сяргей Кароткіх, больш вядомы на мянушку Малюта.

«Існуе вялізная верагоднасць, што заказчыкам гэтага злачынства, гэтага забойства з’яўляецца Лукашэнка», – лічыць Вадзім Пракоп’еў.

Суд у справе аб забойстве, які цягнуўся больш за 3 гады, сёлета мае распачацца наноў. Прычына – змена прысяжных. Паседжанне запланаванае на 21-га жніўня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»