Сяргей Таміленка: Мы памятаем, і пытанне, хто забіў Паўла, да сёння на вуснах журналістаў


Шэсць гадоў таму ў цэнтры Кіева быў падарваны аўтамабіль з вядомым беларускім журналістам Паўлам Шараметам. Журналіст, якога Аляксандр Лукашэнка назваў заходнім шпіёнам і пазбавіў беларускага грамадзянства, загінуў. Як з тае пары прасунулася следства, ці ёсць адказ на пытанне, хто забіў Паўла?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шклянка гарэлкі, акраец хлебу, фотаздымак і свежыя кветкі да мемарыяльнага знаку – кіяўляне згадалі трагедыю, што адбылася ў цэнтры ўкраінскай сталіцы шэсць гадоў таму.

«Мы памятаем, і пытанне, хто забіў Паўла, да сёння на вуснах журналістаў, яно стаіць перад нашым грамадствам. І якія б фактары ні былі, мы ўсё адно патрабуем справядлівасці і шануем памяць Паўла», – адзначыў старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

Павел Шарамет – вядомы беларускі, расейскі, а потым украінскі журналіст, стваральнік сайту «Беларускі партызан», рэзка крытыкаваў рэжым Лукашэнкі. 20 ліпеня 2016 года журналіст спяшаўся на ранішні эфір. Калі ягоная машына выехала на скрыжаванне вуліцаў Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага, грымнуў выбух. Тэле- і радыёвядоўца Тэцяна Іванська выйшла ў эфір без Паўла: думала, калега спазняецца. Пра трагедыю даведалася з навінаў.

«Я вельмі марыла прачытаць навіну пра тое, што ён у цяжкім стане недзе ў лякарні. Але, на жаль, чарговы выпуск навінаў, прыйшла мая калега, чарговы выпуск навін – і пацвердзілася, што Паша загінуў», – згадвае Тэцяна Іванська.

Больш за 200 тамоў следчых матэрыялаў, амаль 4 тысячы апытаных, больш за 80 тысяч прааналізаваных тэлефонных размоваў. Гучная заява ў 2019 годзе тагачаснага міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава пра раскрыццё справы, затрыманне траіх падазраваных і нават некалькі судовых паседжанняў. Аднак дакладнага адказу на пытанне, хто забіў Паўла, пакуль няма.

«Ёсць працэс, ёсць пэўныя падазрэнні, ёсць нейкія абвінавачанні, нейкія судовыя паседжанні. Але гэты працэс не пераконвае, што сапраўды гэтае забойства, гэтае злачынства раскрытае і што сапраўды будзе належнае пакаранне фігурантам», – кажа Сяргей Таміленка.

Летась былы сілавік Ігар Макар апублікаваў аўдыязапіс размовы 2012 года тагачаснага старшыні беларускага КДБ Вадзіма Зайцава з падначаленымі. На ёй Зайцаў казаў пра неабходнасць ліквідацыі Шарамета. Экспертыза пацвердзіла аўтэнтычнасць запісу. Аднак пацвердзіць беларускі след у забойстве следству пакуль не ўдалося.

«Цяпер ва Украіне яго не стае, ён вельмі любіў Украіну, ён не бачыў гэтага ў сваёй роднай Беларусі», – згадвае сябар журналіста Генадзь Чыжыкаў.

Паўла Шарамета пахавалі на Паўночных могілках каля Менску. Яму было 44 гады.

Антон Каменскі, «Белсат»