Рэжым узмацняе ціск на палітычных зняволеных


7 гадоў калоніі. Такі вырак абвясціў Менскі гарадскі суд праваабаронцы Насце Лойцы. Насту затрымалі летась у верасні і абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці». Справу разглядала так званая «суддзя» Алена Шылько.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі». У гэтым дакладзе Насты Лойкі, адной са стваральнікаў праваабарончай арганізацыі «Human Constanta», рэжым угледзеў крытыку дзеянняў міліцыянтаў. Менавіта гэты даклад стаўся падставаю для затрымання праваабаронцы, а таксама суда і жорсткага выраку: 7 гадоў за кратамі.

Сузаснавальнік «Human Constanta» Валдзіс Фугаш не хавае свайго абурэння:

«Абсалютна незаконна ўсё, што адбываецца, усё, што робіцца: ні ейнае затрыманне, ні ейнае ўтрыманне, ні абыходжанне бесчалавечнае жорсткае, – падкрэсліў ён. Натуральна, Наста будзе абскарджваць гэтае рашэнне, яна будзе працягваць верыць – як яна заўсёды верыла – у прававыя механізмы і займацца тым, чым яна заўсёды займалася: негвалтоўнай, легальнай, абсалютна законнай дзейнасцю».

Вядома таксама, што пасля затрымання Насту Лойку катавалі электрашокерам, пакідалі надоўга без вопраткі на марозе, пазбаўлялі лекаў і цёплых рэчаў.

Праваабаронца Наста Лойка на судовым паседжанні.
Фота: sb.by

Фактычна катуюць за кратамі і палітвязня Паўла Севярынца. Яму ў траўні 2021 года прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за рыхтаванне масавых закалотаў, а пасля абвясцілі «злосным парушальнікам» гэтага рэжыму. Заўтра ў Шклове – новы суд. Імаверна, Севярынца перавядуць на турэмны рэжым.

«Сітуацыя з Паўлам – прыкладна такая ж, як і з усімі палітвязнямі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, – канстатуе паплечнік Севярынца, хрысціянскі дэмакрат Дзяніс Садоўскі. – Сітуацыя з палітычнымі вязнямі ўвесь час пагаршаецца. Іх пазбаўляюць усяго: званкоў, перапіскі. Пастаянна ствараюць цяжкія псіхалагічныя і фізічныя ўмовы».

Да Паўла Севярынца таксама не пускаюць адваката, пазбавілі доўгіх спатканняў са сваякамі. Засталося толькі рэдкае ліставанне.

«І гэта такія агульныя лісты. Павел, як вядома, – пісьменнік. Таму ён вельмі шмат піша пра гісторыю, пра нацыянальную ідэю, пра важнасць захавання беларускай мовы, пра важнасць умацавання ў веры», – патлумачыў Дзяніс Садоўскі.

Сёння ж стала вядома, што Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт светлагорскага тэлеканалу «Ранак». 8 работнікаў гэтага мясцовага тэлебачання былі затрыманыя 11 чэрвеня – пасля таго, як «Ранак» першы распавёў пра выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Затрыманых мужчынаў пакаралі сямідзённым адміністратыўным арыштам, а жанчынам прысудзілі штрафы.

Праваабаронца Валдзіс Фугаш канстатаваў, што гістарычна – гэта звычайная сітуацыя аўтарытарнага парафашысцкага рэжыму, каторы абсалютна плюе на законы, і самая галоўная задача – гэта ўтрымаць уладу.

Лёс беларускіх палітвязняў, праблема прававога свавольства лукашэнкаўскага рэжыму хвалююць не толькі палітычна актыўных жыхароў Беларусі. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўздымаў гэтую тэму на сённяшняй сустрэчы з дыпламатамі. Падчас сваёй прамовы пан Дуда паабяцаў, што Польшча і надалей застанецца салідарнаю з беларускім народам:

«Мы не можам забыцца пра тысячы палітычных вязняў, а таксама пра рэпрэсіі супраць палякаў, якія жывуць у гэтай краіне. Брутальным сімвалам гэтых рэпрэсіяў паслужыў жорсткі прысуд Анджэю Пачобуту. Мы будзем змагацца за тое, каб вызваліць палітвязняў, будзем пра гэта размаўляць на міжнародных пляцоўках і павялічваць ціск на рэжым Лукашэнкі».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі 1496 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі. Ініцыятыва «DISSIDENTBY» такімі прызнае 1741 асобу. Лічбы штодня мяняюцца.

Марына Яновіч, «Белсат»