МЗКЦ трапіў пад санкцыі ЗША. Ізноў


Менскі завод колавых цягачоў трапіў пад санкцыі ЗША ўжо чарговы раз. Прычынай гэткіх захадаў стаўся ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў ваенных дзеяннях: спачатку праз падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне, а цяпер – праз удзел у пакістанскай праграме для стварэння ядравай зброі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менскі завод колавых цягачоў трапіў пад чарговыя санкцыі ЗША. Абмежаванні супраць беларускага прадпрыемства ўведзеныя за дапамогу Пакістану ў стварэнні ядравай зброі.

«Пакістан – адна з краін з найвялікшай тэрарыстычнай пагрозай, то бок існуе моцна адрозная ад нуля імавернасць, што і дзяржава пакістанская, і Узброеныя сілы Пакістану трапяць пад кантроль тэрарыстычных груп і радыкальных», – тлумачыць кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

У паведамленні Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША значыцца, што санкцыі, акрамя МЗКТ, уводзяцца яшчэ і супраць трох кітайскіх кампаніяў. Усе яны абвінавачваюцца ў продажы Пакістану дэталяў для стварэння балістычных ракетаў вялікай далёкасці.

«Менскі завод колавых цягачоў працуе над забеспячэннем спецыяльных шасі для пакістанскай праграмы балістычных ракетаў вялікай далёкасці. Такія шасі выкарыстоўваюцца ў якасці абсталявання для падтрымкі запуску балістычных ракетаў Нацыянальным комплексам развіцця Пакістану», – зазначана ў прэс-рэлізе Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: dverprom.by

Цяперашнія санкцыі накладаюць арышт на маёмасць і рахункі адзначаных кампаніяў ды іх прадстаўнікоў у ЗША. Закрануць і фізічных асобаў, якія наўпрост ці ўскосна валодаюць акцыямі кампаніяў. Заблакуюць усе фінансавыя аперацыі з іх удзелам.

«Гэтыя санкцыі ўводзяцца з мэтай умацаваць рэжым нераспаўсюджвання зброі масавага паражэння. Дарэчы, у адпаведнасці з Дамовай аб нераспаўсюджванні ядравай зброі, Пакістану забаронена валодаць ядравай зброяй, але краіна не падпісала гэтага дакументу ў 1998 годзе», – кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка.

У 2022-м Менскі завод колавых цягачоў трапіў пад санкцыі за спрыянне расейскай агрэсіі супраць Украіны, а ў снежні 2020-га – за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Менавіта на МЗКТ пасля фальсіфікацыі апошніх прэзідэнцкіх выбараў рабочыя крычалі Лукашэнку «Сыходзь!»

Бранзалет аднаго з працаўнікоў МЗКЦ.
Фота: Белсат

У выніку эканамічных абмежаванняў Захаду рэжым Лукашэнкі вымушаны быў шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

У выпадку Пакістану вялікіх дасягненняў не маем: летась аб’ём экспарту з Беларусі ў Пакістан склаў толькі 21 мільён долараў. Для параўнання абʼём экспарту з Беларусі ў Расею і Казахстан летась склаў 25 мільярдаў і 756 мільёнаў долараў адпаведна.

«Уласна кажучы, а якія варыянты ёсць яшчэ? Знайшоўся варыянт, калі можна збыць свой тавар, ну рызыкнулі, збылі, атрымалі праблемы зноўку. Агульная праблема беларускага рэжыму, што ў яго вельмі мала добрых крокаў», – лічыць Красулін.

У шэрагу сумнеўнай супрацы, якая хутчэй за ўсё негатыўна адабʼецца на рэпутацыі Беларусі і можа выклікаць новыя санкцыі, візіт прадстаўнікоў беларускага МЗС у Паўночную Карэю, што адбыўся на гэтым тыдні. На думку Яўгена Красуліна, рэжым Лукашэнкі проста ідзе туды, дзе дзверы для яго яшчэ не зачыненыя.

Аліна Скрабунова, «Белсат»