У Беларусі падаражэла камуналка


У Беларусі падаражэлі камунальныя плацяжы! Рост коштаў у жыроўках у параўнанні з папярэднім месяцам у сярэднім склаў больш за 20 адсоткаў. Не змаўляючыся паміж сабой, беларусы арганізавалі ў сацыяльных сетках масавы флэш-моб. Суайчыннікі здымаюць на відэа свае квітанцыі ад камунальнікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Атрымліваецца на 30 рублёў павялічылася камуналка за месяц. Гэта я яшчэ там не глядзела святло, газ і ўсё астатняе. Але, мне здаецца, і 30 рублёў за раз – гэта шмат», – кажа жанчына на адным з відэа.

Самая звычайная квітанцыя на паслугі ЖКГ. А вось так выглядае «жыроўка» афіцыйна беспрацоўнага. Такіх чыноўнікі Лукашэнкі ўключаюць у гэтак званыя спісы дармаедаў.

«Ацяпленне – 146 беларускіх рублёў. Гэта добра, што дзіця прапісана. Падзялілі з дзіцем. У дзіцяці атрымоўваецца 27 рублёў. А калі б не было прапісанае дзіця, за ацяпленне заплацілі б усіх 300 рублёў. І ў выніку б камуналка абышлася ў рублёў 500, напэўна».

У Беларусі паслугі ЖКГ прыкладна на 80 адсоткаў субсідуе дзяржава, кажа наш эксперт. Гэта значна болей, чым у нашых суседзяў.

«Мы паступова дэкларуем пераход на 100-працэнтнае аказанне паслуг, але разумееце, у гэтай сістэме ўсё роўна існуюць так званыя дармаеды. І толькі дзеля гэтага ў нас тарыфы публікуюцца ў дзвюх версіях. Вось гэта тарыфы для дармаедаў, яны цалкам пакрываюць выдаткі. А вось гэта тарыфы для астатніх. Яны там на 10 працэнтаў меншыя», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пры гэтым увесь час Лукашэнка імкнецца пераканаць, што Беларусь – сацыяльная дзяржава:

«Беларусь адбылася як сацыяльная дзяржава. У краіне створаны трывалы бесперабойны механізм дапамогі і клопаты аб людзях. Узаемападтрымкі. Забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці. На гэтым выхоўваецца грамадства».

А што ж на практыцы? Бясплатная адукацыя, гарантаваная Канстытуцыяй. Але пры гэтым бюджэтнікі адпрацоўваюць паводле размеркавання, а ў выпадку адмовы мусяць выплочваць агромністую кампенсацыю. На дадатак, беларускіх студэнтаў яшчэ ў 2007 годзе пазбавілі зніжак на праезд.

«У сувязі з тым, што сістэма дыктатара дэкларуе адно, а робіць зусім іншае, гэта зноў падман беларускага народу. І калі я патрабую бясплатнай адукацыі ці бясплатнай медыцыны, то толькі таму, што яны заяўляюць аб тым, што яна бясплатная. Вось у чым розніца! Гэта вельмі важна! Калі яны кажуць аб тым, што вы вольныя, але пры гэтым не адчыняеце рот», – кажа аўтар YouTube-каналу «Реальная Беларусь» Арцём Шапараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Разам з тым, за апошнія чатыры гады ў Беларусі скарачаюцца выдаткі з бюджэту на ахову здароўя, адукацыю, ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва. Выдаткі ж на Фонд Лукашэнкі і нацыянальную абарону, наадварот, растуць.

«Калі ў руках аднаго палітычнага клану знаходзіцца звязка ключоў ад бюджэту, ад судовай сістэмы, ад парламенту, то не чакайце, што ў краіне будзе сацыяльная раўнавага для ўсіх», – мяркуе дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

А як выглядае сацыяльная палітыка ў нашых заходніх суседзяў?

«Усе дзеці ў Польшчы атрымліваюць амаль 200 еўра. Цяпер – 200 еўра кожны месяц. З нараджэння і да 18 год. Кожны месяц! Кожнае дзіця! Незалежна ад таго паляк ён ці, напрыклад, беларус. Кожны месяц на працягу 18 гадоў! Сацыяльнасць гэта ці не сацыяльнасць? Ну вось няхай хто-небудзь, хто верыць Лукашэнку, і адкажа: добра гэта ці дрэнна», – прыводзіць прыклад Арцём Шапараў.

«У Іспаніі адкрытая цэлая праграма для пенсіянераў. Якая матывуе, каб яны адпачывалі! Ім плацяць грошы за тое, каб яны адпачывалі! Спытаецеся сёння ў беларускага пенсіянера, што ён бачыць пасля таго, як ён выходзіць на пенсію. Ён далей за сваю вёску не выязджае», – дадае Анатоль Лябедзька.

Сёння ўва ўсім свеце адзначаюць Дзень сацыяльнай справядлівасці. Ці ёсць яна ў Беларусі?

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»