У Менску распачаўся суд над заснавальнікам пляцоўкі «Арт Сядзіба» Паўлам Белавусам


 Культурніцкага менеджара абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку нібыта за «здраду дзяржаве».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем і нават здрада дзяржаве. Паводле гэтых абвінавачанняў судзяць палітзняволенага культурніцкага менеджара Паўла Белавуса. Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

«Судовы працэс у адносінах да Белавуса – гэта палітычна матываваная справа, выкарыстоўваюцца артыкулы як бы не палітычныя, але насамрэч Белавус ніякага дачынення да такіх злачынстваў не мае», – сказаў Раман Кісляк, праваабаронца «Human Rights Impact».

Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Згодна з версіяй абвінавачання, Павел пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады», «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы» і «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму».

«Сама ідэя таго, што беларус асэнсоўвае сябе як беларус, а не нейкі там “савок”, ці “мешканец” тэрыторыі – гэта для іх пагроза іх уладзе», – паведаміў драматург, рэжысёр, выкладчык, даследчык Ельскага ўніверсітэту Андрэй Курэйчык.

Павел Белавус – заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба», што ладзіла адукацыйныя і культурніцкія імпрэзы, і стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі «Symbal.by». Улетку 2020 года ў продажы з’явілася тышортка з надпісам «ПСІХОЗ» і значком адсотка. Выява спалучала выказванне Лукашэнкі пра «каронавірусны псіхоз» і мем пра ягоны рэйтынг па выніках прэзідэнцкіх выбараў. Меркавана, менавіта праз гэтую прадукцыю ў «Symbal.by» пачаліся праверкі. У выніку крама зачынілася. У апошнія дні працы на знак салідарнасці каля «Symbal.by» стаялі чэргі з пакупнікоў, іх жорстка разагналі сілавікі.

«Людзі, якія прынеслі беларусам нацыянальныя каштоўнасці, нацыянальнай гісторыі і культуры, нацыянальныя сымбалі, яны зʼяўляюцца для гэтай дзяржавы нейкімі экстрэмістамі», – дадаў Андрэй Курэйчык.

Затрымалі Паўла Белавуса ў лістападзе 2021 года. Тройчы запар ён быў асуджаны на адміністратыўны арышт, у тым ліку за тату бел-чырвона-белага сцяга на руцэ, ды ўрэшце распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА. За кратамі да суда Паўла трымалі год і 3 месяцы.

«Тая колькасць інкультурызацыі, якая была праведзена асабіста з яго ініцыятывы, будзе ацэненая толькі ў перспектыве. Тая колькасць людзей, якая была натхнёная беларускай мовай культурай праз яго дзейнасць, – яна проста фантастычная. У дні вышыванкі праз Палац моладзі праходзіла па 8 тысяч чалавек у дзень. Яго ініцыятыва – гэта лакаматыў Беларусі ў будучыні. Я ўпэўнены, што ў яго гонар будуць называць вуліцы», – падкрэсліў музыка Пятро Клюеў.

Павел Белавус удзельнічаў у запуску грамадскай кампаніі «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі ды дае магчымасць моладзі ствараць культурніцкія і гістарычныя праекты. Таксама Белавус быў адным з арганізатараў святкавання стагоддзя абвяшчэння БНР у Менску ў 2018 годзе. Правядзенне дазволілі афіцыйныя ўлады, удзел у святкаванні бралі дзясяткі тысяч чалавек.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»