Спроба № 3: Доналд Трамп ідзе ў прэзідэнты праз 7 гадоў пасля першага трыумфу


Скандальны і непрадказальны. Доналд Трамп поўны рашучасці ў трэці раз стаць кандыдатам ад рэспубліканскай партыі да галоўным канкурэнтам дзеючага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Чаго чакаць ад магчымага вяртання ў Белы дом эксцэнтрычнага мільярдэра, які ў першыню стаў прэзідэнтам роўна 7 гадоў таму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дваццатага студзеня 2017 года Доналд Трамп прымае прысягу як сорак пяты прэзідэнт ЗША. Мільярдэр стаў першым амерыканскім прэзідэнтам, які да моманту абрання не займаў ніякай дзяржаўнае або вайсковае пасады.

Перамогу Трампу прынеслі папулісцкія абяцанні «зрабіць Амерыку зноў вялікай» ды моцная антыэмігранцкая рыторыка ва ўнутранай палітыцы. Трамп абяцаў пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікаю, але за чатыры гады прэзідэнцтва пабудова агароджы на паўднёвай мяжы амаль не прасунулася наперад.

«Сярэдні выбаршчык у ЗША гэта не чалавек з вышэйшай адукацыяй і нейкім вялікім кругазорам і разуменнем сусветнай палітыкі. Гэта звычайны хлопец ці дзяўчына, які добра калі хаця бы разбіраецца ў геаграфіі сваёй краіны – таму яму добра заходзіць папулізм ці абяцанне ўсіх чужакоў выкінуць з краіны», – зазначае Паліна Прысмакова, доктар, прафесар кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды.

У вонкавай палітыцы варта прыгадаць безвыніковую спробу Трампа наладзіць дыялог з паўночнакарэйскім рэжымам Кім Чэн Ына. У Крамлі цешыліся прыходу ў Белы дом амерыканскага мільярдэра, які сімпатызаваў Пуціну. Згодна з інфармацыяй амерыканскай выведкі, непасрэдным уплыў на перамогу Трампа аказалі расейскія хакеры і спецслужбы.

«Іх цікавілі не саступкі ад амерыканскай адміністрацыі, а хаос у амерыканскай палітыцы. І яны гэтага дабіліся. Бо з-за Трампа жа быў штурм Капітолію. Нешта супрацьпаставіць стабільнай Амерыцы Расея не можа, а вось заблакаваць супрацу дэмакратаў і рэспубліканцаў – вось гэта мэта расейцаў і тады і цяпер», – кажа ўкраінскі палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў.

Пасля паразы на выбарах 2020 года і няўдалага штурму Капітолію Трамп стаўся галоўным крытыкам дзеянняў адміністрацыі дэмакратаў ва ўнутранай і вонкавай палітыцы. Гэтак, ён заявіў, што калі б і далей заставаўся пры ўладзе, то расейскага нападу на Украіну не адбылося б:

«Я мушу сказаць, што ён найгоршы прэзідэнт, які быў у гісторыі нашае краіны. Ён разбурае нашую краіну. Мы хочам міру сілаю. Расея ніколі б не напала на Украіну, ніколі б гэтага не зрабіла. Мы з Пуціным выдатна ладзім. Мы вельмі добра з ім ладзім. Гэта выдатна. Гэта нядрэнна».

Доналд Трамп абвяшчае пра планы балатавацца ў прэзідэнты ЗША. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum

У сёлетнюю выбарчую кампанію Трамп, як і іншыя магчымыя кандыдаты ад рэспубліканцаў, уваходзіць з моцнай антыэмігранцаю рыторыкай. Патрабаванне рэспубліканцаў узмацніць міграцыйнае заканадаўства ўжо прывяло да блакавання фінансавага падтрымання Украіны ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі.

«Трамп відавочна зацікаўлены ў тым, каб Украіна была як мага больш падатлівай да тых варыянтаў спынення вайны, якія ён можа прапанаваць. І вось таму рэспубліканцы, якія падтрымліваюць яго, тармозяць выдзяленне дапамогі Украіне. І гэта звязана нават не з тым, што можа адбыцца ў выпадку ягонае перамогі, а з тым, што ўжо адбываецца», – дадае Портнікаў.

Што тычыцца стаўлення да рэжыму Лукашэнкі і адносінаў з беларускаю дэмакратычнаю супольнасцю, гэта адное з нешматлікіх пытанняў, дзе пазіцыі дэмакратычнага і рэспубліканскага лагераў супадаюць, зазначаюць эксперты.

Беларускія пратэсты 2020 года прыпалі акурат на прэзідэнцтва Трампа і наўрад ці ў выпадку другой перамогі ён зменіць сваю пазіцыю ці, напрыклад, адмовіцца ад распачатага адміністрацыяй Байдэна стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнай Беларуссю.

«У 2020-м годзе быў падрыхтаваны і падпісаны менавіта Трампам закон аб дэмакратыі ў Беларусі. Гэта быў вельмі выразны сігнал пра тое, як надалей будуць выбудоўвацца стасункі і якой будзе пазіцыя ЗША да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Што тычыцца бягучага моманту, то пад час нашай працы ў Вашынгтоне праводзім сустрэчы і з рэспубліканцамі і з дэмакратамі і бачым, што беларускі кейс, гэта тое, што аб’ядноўвае іх і садзіць за адзін стол», – распавядае Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах.

Сярод асноўных канкурэнтаў Трампа на пазіцыю адзінага кандыдата ад рэспубліканцаў – губернатар Флорыды Рон ДэСантыс ды былая прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі. Пакуль жа першыя папярэднія выбары – праймерыз – адбыліся ў адным з амерыканскіх штатаў – Аяве – у панядзелак. Там мільярдэра зафіксавалі як фаварыта – Трамп набраў пяцьдзясят адзін адсотак галасоў. Што праўда, спыніць ягоны паход па другі прэзідэнцкі тэрмін могуць амерыканскія суды.

У штатах Каларада і Мэйн Трампу забаранілі балатавацца на сваіх тэрыторыях у сувязі з абвінавачаннем у спробе арганізацыі перавароту падчас штурму ягонымі прыхільнікамі Капітолію ў 2021 годзе. Што праўда, Трамп можа аспрэчыць забарону ў судзе.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»