Лукашэнка змяніў «Apple» на «Horizont»


Празрысты тэлевізар, гібрыд лімону з цытронам вагою з кілаграм, а таксама айчынны ўдарны беспілотнік Hanter. Лукашэнка наведаў комплекс «Белэкспа», дзе запрацавала выстава навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная». Падчас удзелу ў навуковай імпрэзе дыктатар нават загадаў змяніць у сябе на працоўным стале камп’ютар з яблыкам на айчынны «Гарызонт».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Беларусь – інтэлектуальная краіна!» Прынамсі, так яе бачаць арганізатары выставы навукова-тэхнічных дасягненняў, што наведаў сёння Лукашэнка.

«Калі ў СССР былі такія паняцці, як ВДНГ, выставы дасягненняў народнай гаспадаркі, то ў сучаснай Беларусі, я сказаў бы, гэта выставы дасягненняў народнай паказухі», – адзначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

А паказаць сапраўды ёсць што! Тут табе і празрысты тэлевізар, і сучаснае медычнае абсталяванне, ды што там – нават робаты і штучны інтэлект!

«Ён такі невук! І чыноўнікі, якія перад ім выслужваюцца, якія не разумеюць некаторых рэчаў, што яны выстаўляюць! Наколькі гэта смешна выглядае з боку!» – заўважае бізнесоўца Яраслаў Кот, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою.

Сярод дасягненняў беларускай навукі – гібрыд лімону з цытронам вагою з кілаграм, прэзентаваны Лукашэнку; першы беларускі спорткар, цяпер ужо пафарбаваны ў сіні колер; а таксама раней прэзентаваны ноўтбук ад заводу «Гарызонт».

Апошні Лукашэнка загадаў паставіць у сваім кабінеце замест прылады, як ён сам дакладна акрэсліў, «вядомага заходняга брэнду».

«Сумна, што “Apple” больш не зможа сачыць за Лукашэнкам і тым, што ён робіць у сваіх ноўтбуках. Але цалкам рэальна, што Лукашэнка цалкам не сябруе з тэхналогіямі, ён не разумее розніцы ў тэхналогіях, іх вытворчасці, ён не разумее, як гэта працуе, але разумее, што на дзяржаўных тэндарах можна падняць вялікія грошы і проста іх распілаваць», – кажа Яраслаў Кот.

H-book MAC-4 ад заводу «Гарызонт», што, як сцвярджае самаабвешчаны кіраўнік Беларусі, складаецца з айчынных дэталяў толькі на 12 адсоткаў, Лукашэнка нават даручыў паставіць у дзяржаўных установах замест замежных: да канца года лакалізацыя кампʼютараў «Made in Belarus» мусіць скласці ажно 70 адсоткаў.

«Пастаўленая задача перад гэтымі чыноўнікамі, вытворцамі – паказаць, чаго яны дасягнулі. І хаця дэталі на вялікі адсотак імпартныя, яны будуць гэта прадстаўляць як “купляйце беларускае”», – кажа Віталь Цыганкоў.

Пра тое, што ўдарны беспілотнік Hanter, распрацаваны канструктарскім бюро «Беспілотныя верталёты», цалкам складаецца з беларускіх дэталяў, Лукашэнку падчас выставы паведамілі самыя распрацоўнікі. Як інфармуе бюро на сваёй фэйсбук-старонцы, Hanter прызначаны для ўладкавання шырокага кола задачаў – як вайсковага, так і спецыяльнага прызначэння.

Наколькі ён сучасны і ці можа быць выкарыстаны на вайне ва Украіне? Гэтае пытанне мы скіравалі вайсковаму эксперту і дырэктару «New Geopolitics Research Network» Міхайлу Самусю.

«Падобныя дроны рабіліся на Захадзе мінімум 10–15 гадоў таму. Напрыклад, калі ўявіць, што такі беспілотнік зʼяўляецца на тэатры ваенных дзеянняў паміж Расеяй і Украінай, яго зліквідуюць літаральна праз некалькі секундаў. Бо ён вялікі, дастаткова павольны і ён заўважны», – кажа наш эксперт.

Падчас наведвання выставы Лукашэнка на пэўны час спыніўся каля стэнду, прысвечанаму штучнаму інтэлекту. Ды нават запрапанаваў сваю дапамогу навукоўцам – бо раней ужо прыклаў руку ды інтэлект у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.

Віталь Бабін, «Белсат»