Аб'ектыў 18.02.2018 «192-гі артыкул крымінальнага кодэксу ніхто не адмяняў». Якія парушэнні фіксаваліся ў Менску?


Сёлета выбарчыя камісіі абнавілі метады сваёй працы: да традыцыйных прыпісак і маніпуляцый дадаліся выбарчыя каруселі. Якія парушэнні фіксаваліся ў Менску?

Жыхары Менску кажуць:

«Абавязкова выберуць сваіх. Таму і галасаваць не трэба».

«Я не лічу, што ёсць неякі сэнс штосьці дзесьці падтасоўваць».

«Камісія, я лічу, робіць чэсна, а што далей з пратаколамі адбываецца – гэта ўжо праблемы не камісіі».

Сапраўды, гэта праблемы ўсіх беларусаў. Хаця найбольш дастаецца тым, хто ловіць за руку маніпулятараў. Гэтак, прэс-цэнтру кампаніі для назірання за галасаваннем «Права выбару» раптоўна адмовілі ў арэндзе памяшкання пасля званку зверху.

«Мы адзіная кампанія ў Беларусі, якая так маштабна сочыць у Беларусі за тым, што адбываецца на выбарчых участках. Намі зафіксаваныя дзясяткі парушэнняў, напісана ўжо больш за 140 скаргаў нашымі назіральнікамі. Мы валодаем інфармацыяй як і пра каруселі, так і пра завышэнні яўкі, і пра не прадстаўленне інфармацыі назіральнікам», – кажа прэсавы сакратар кампаніі «Права выбару» Ігар Барысаў.

Чальцы камісіяў не даюць здымаць на ўчастках, пазбаўляюць акрэдытацыі назіральнікаў, а таксама ўсяляк перашкаджаюць працаваць журналістам. Усё, каб грамадскасць ведала найменш пра рэальнае аблічча галасавання.

«Пасля таго, як скончыліся законныя метады, пайшлі не вельмі законныя метады. Гэта такія метады, як прыпіскі, калі нашыя назіральнікі лічаць дзесяць, а аб’яўляюць сто. І робяць здзіўленыя вочы, чаму гэта атрымалася. Таксама гэта каруселі. Каруселі былі там, дзе мы рабілі татальнае назіранне», – адзначае каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў.

Назіральнікі складалі скаргі па фактах прыпісак, зʼявіліся відэасведчанні выбарчых каруселяў і нават запіс, калі з адмысловым кодам у пашпарце актывіст мог галасаваць на розных участках. Лідзію Ярмошыну гэта не пераканала.

«Адразу магу сказаць, што гэта лухта. У адным месцы ён паказаў дамову пра здыманне жылля. А ў другім прыдумаў слязлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які згубіў усе дакументы ці іх маці захоўвае. І спагадлівыя настаўнікі, якія сядзяць у выбарчай камісіі, дазволілі яму прагаласаваць», – заявіла Лідзія Ярмошына.

Відавочна, старшыня ЦВК жыве ў сваім свеце, дзе белае ёсць чорным. Аднак ёсць і тое, што варта разумець адназначна.

«192-гі артыкул крымінальнага кодэксу ніхто не адмяняў, і я як былы супрацоўнік міліцыі кажу і звяртаюся да іх усіх: вы не думайце, што пасля сканчэння выбараў у вас жыццё пачынаецца з чыстага ліста. Абсалютна не. Яна ўжо забруджаная. І хіба вам варта паглядзець гэты крымінальны кодэкс і разумець, што раней ці пазней вам за гэта прыйдзецца адказваць», – падкрэслівае кандыдат на дэпутацтва Мікалай Казлоў.

Як пакуль, гэты аргумент не працаваў. Афіцыйныя вынікі выбарчага фарсу Цэнтрвыбаркам агучыць ужо заўтра.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары