Вуліцы беларускіх герояў ва Украіне


«Астрахань – гэта не нашая гісторыя ўжо, гэта не нашая. А Каліноўскі нібыта герой», – так лічыць жыхарка Кіева Вольга. На вуліцы, што раней мела назву Астраханская, жанчына пражыла дваццаць гадоў. Цяпер вуліца носіць імя Кастуся Каліноўскага. Але хоць апытаныя намі жыхары станоўча ставяцца да перайменавання, хто такі Каліноўскі – не ведаюць. Тыя ж, хто і чуў імя – атаясняюць яго з палком Каліноўскага.

«Батальён Каліноўскага рабілі на вайну, батальён добраахвотніцкі. Я ў тэлевізары паглядзеў, то даведаўся, а так многія не ведаюць», – кажуць жыхары вуліцы Каліноўскага.

Вуліца, што ўшаноўвае памяць аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года на землях Беларусі, Польшчы і Літвы, з’явілася не толькі ў Кіеве, але і Роўне, Чарнаўцах, Мукачаве.

Назвы вуліцаў ва ўкраінскіх гарадах змяняюць дзеля антыкамунізацыі і дэрусіфікацыі краіны. Раней змены тычыліся пераважна савецкіх тапонімаў. Былыя «беларускія» назвы вуліцаў пачалі актыўна змяняць пасля поўнамаштабнага ўварвання, праз хаўрусніцтва Лукашэнкі ў вайне.

«Мы палічылі, што да гэтага працэсу трэба далучацца, каб не страціць сувязі паміж нашымі народамі і нашымі культурамі. І дзе была такая магчымасць, мы ў гэтыя грамады мясцовыя напісалі афіцыйныя звароты», – кажа кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Фарнцкевіч.

Бучанская вуліца, што раней мела назву Акружная, цяпер носіць імя Іллі Хрэнава з пазыўным Літвін. Акурат тут 27-гадовы добраахвотнік быў цяжка паранены і стаў першым беларусам, які загінуў пасля дваццаць чацвёртага лютага 2022 года, абараняючы Украіну. Але шыльдаў з назвай вуліцы пакуль няма.

«Мы сустракаліся з мясцовай уладай, мы спрабавалі зрабіць нейкую мемарыяльную дошку, яны сказалі, што дошка вешацца не будзе, будзе QR-код такі, дзе будзе ўся інфармацыя, чаму менавіта ў ягоны гонар перайменаваная гэта вуліца», – тлумачыць Аляксей Францкевіч.

Жыхары Бучы пра Іллю Літвіна не ведаюць, але пазітыўна ставяцца да перайменавання вуліцы ў гонар абаронцы гораду:

«Тыя людзі што аддалі за нас жыццё, яны заслугоўваюць гэтага, і я лічу, што гэта вельмі правільна».

«Таму што яны паклалі жыццё за нас, таму што яны героі».

У Хмяльніцкім зʼявілася вуліца імя беларуса Аляксея Скоблі (пазыўны Тур), які ваяваў за Украіну яшчэ з 2015 года. Аднак летась у сакавіку загінуў у абарончых баях за Кіеў.

Першым жа ўганараваным у гарадской тапаніміі беларусам, што загінуў за незалежнасць Украіны падчас Майдану ў Кіеве ў 2014 годзе, стаў Міхаіл Жызнеўскі. Ягонае імя ўшанаванае ва Оўручы і ў Звягелі на Жытоміршчыне, а таксама ў Чарнаўцах.

І гэткая ініцыятыва важная з гледзішча змагання за ўласную ідэнтычнасць, зазначае былы кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнае памяці Уладзімір Вятровіч.

«Усе гэтыя маркеры расейскага свету ў выглядзе помнікаў, тапонімаў адыгрываюць вялікую ролю. Відавочна што для Расеі важна, каб яе салдаты, ступаючы на ўкраінскую зямлю, пачуваліся як удома, ішлі знаёмымі вуліцамі, ля знаёмых помнікаў. Нашая задача – наадварот, каб яны як мага хутчэй, калі ўжо трапілі на нашую зямлю – перш чым трапяць ва ўкраінскую зямлю – зразумелі, што яны апынуліся на тэрыторыі чужой краіны», – кажа Уладзімір Вятровіч.

Закон, паводле якога да пачатку наступнага года з публічнае прасторы мусяць знікнуць усе адзнакі расейскага свету, прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі падпісаў у красавіку. Важна, каб на іх месцы зʼяўляліся і імёны загінулых беларускіх ваяроў, лічыць былы баец палка Каліноўскага Глеб Гунько:

«Яны аддаюць свае жыцці, аддаюць самае каштоўнае што ёсць у беларускай нацыі. Беларусь аддае сваіх герояў. Беларусы аддаюць жыцці за Украіну і, як па мне, – справядліва тое, каб вуліцы насілі іх імёны».

Неўзабаве, перакананы былы ваяр, і ў Беларусі зʼявяцца вуліцы ў гонар загінулых байцоў-каліноўцаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»