У Менску не стае працаўнікоў


У Менску ў траўні не стае 28 тысяч працаўнікоў. Такія лічбы падае Камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму. І гэта на тысячу болей, чым у папярэднім месяцы. І на паўтары, чым у сакавіку. Лідар рэйтынгу – прадстаўнікі медычных спецыяльнасцяў. На пачатак траўня наймальнікі шукалі больш чым 3,5 тысячы медсясцёр і дактароў-спецыялістаў. Месяцам раней бракавала 3417 медычных працаўнікоў, а ў сакавіку – каля 3300.

Гэтаксама павялічылася колькасць прапановаў для рабочых – цяпер на рынку працы на 800 вакансіяў болей, чым у красавіку. Не стае кухараў, кіроўцаў, прадаўцоў, слесараў-рамонтнікаў ды іншых рабочых. Але самымі запатрабаванымі спецыялістамі застаюцца інжынеры, выхавальнікі, бухгалтары ды інжынеры-праграмісты. Паводле эканаміста Віталя Алейніка, такі рост попыту на працаўнікоў абумоўлены міграцыяй з Беларусі.

«Людзі вымушаныя папросту шукаць з аднаго боку паратунку ад пераследу ў Беларусі, а з іншага боку – лепшага жыцця ў эканамічным плане. Таму гэта трэнд сённяшняга дня і на жаль яго канца мы пакуль не бачым», – сказаў эканаміст Віталь Алейнік.

За 2021-2022 гады з Беларусі, паводле дадзеных даследчага цэнтру BEROC, з’ехалі не менш за 171 900 асобаў. Амаль 112 тысяч нашых суайчыннікаў перабраліся ў Польшчу, каля 40 тысяч – у Літву і 21,5 – у іншыя краіны Еўразвязу.

«Трэба разумець, што беларусы зʼязджалі і ў іншыя краіны, напрыклад, постсавецкую прастору, або ў Турцыю, ці іншыя краіны. Таму агульны абʼём міграцыі вышэйшы», – паведаміла чалец цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Але ва ўрадзе нястачы працаўнікоў нібыта не заўважаюць і рапартуюць пра дабрабыт беларусаў. Гэтак, лукашэнкаўскі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што ў краіне дасягнуты рэкордна высокі ўзровень сярэдняга заробку – то бок даходаў, падзеленых паміж усімі працаўнікамі нашае краіны. І складае ён ажно 1731 рубель, або 642 долары.

«Ведаеце, у фінансавых колах ужо сталася правілам благога тона каментаваць тое, што кажа так званы прэмʼер Галоўчанка, якога ўсё часцей называюць байкапісцам. І каб быў жывы Кандрат Кандратавіч Крапіва, ён бы адрэагаваў на такі чарговы ўкід пра рост дабрабыту насельніцтва больш трапна за любога эканаміста», – рэзюмаваў Віталь Алейнік.

У сваю чаргу, Белстат апублікаваў звесткі, паводле якіх рэальныя даходы – сродкі, за якія працаўнікі могуць набыць тавары і паслугі, у сталіцы ў студзені – сакавіку да аналагічнага леташняга перыяду ўпалі на 7,4 адсотка. Паводле Настассі Лузгіной, прычына паніжэння рэальных даходаў – ізноў жа міграцыя. А менавіта – адʼезд высокакваліфікаваных кадраў IT-сферы з Беларусі.

«У сектары застаўся маладзейшы персанал з ніжэйшымі заробкамі. Структура ранжыравання спецыялістаў магла некалькі памяняцца і гэта адбілася на сярэдняй заработнай плаце ў IT-сектары», – дадала Настасся Лузгіна.

Тым часам Генеральная пракуратура рассакрэціла дадзеныя аб тым, колькі наймальнікі вінныя працаўнікам у заробку. Амаль тром з паловай тысячам працаўнікоў выплацілі запазычанасць на суму 7,8 мільёна рублёў. Гэта значыць, 2228 рублёў на асобу. Колькі людзей яшчэ не атрымалі заробленага – не паведамляецца.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»