Беларусь упершыню прысутнічае на саміце «Вялікай сямёркі»


Беларусь на саміце «Вялікай сямёркі» на італьянскім Капры. Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных справаў ключавых заходніх краінаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я падняла пытанне абароны нашай незалежнасці. Беларусь не павінная стацца суцяшальным прызам для Пуціна. З дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам мы абмеркавалі падтрымку для Украіны і Беларусі. Ён цікавіўся лёсам палітвязняў і тым, што яшчэ мы можам зрабіць для іх вызвалення», – кажа Святлана Ціханоўская.

Таксама яна размаўляла з вярхоўным прадстаўніком Еўразвязу, міністрамі замежных справаў Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Францыі, Канады ды Італіі. З еўрапейскімі дыпламатамі прадстаўніца Беларусі абмяркоўвала фінансаванне беларускіх медыяў і арганізацыяў, дапамогу былым палітвязням і сем’ям палітзняволеных.

«Сама прысутнасць там – магчымасць зноў вярнуць фокус на Беларусь, паказаць важнасць Беларусі ў нашым рэгіёне, важнасць свабоднай дэмакратычнай Беларусі для бяспекі Еўропы і перамогі Украіны», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Апрача таго, Святлана Ціханоўская гаварыла пра прыцягванне Лукашэнкі і ягоных памагатых да адказнасці і прасіла аддзяляць беларусаў ад рэжыму. Удзельнікі саміту прынялі супольную заяву, у якой згадалі Беларусь:

«Мы працягваем асуджаць суўдзел рэжыму Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Мы выказваем нашую нязменную заклапочанасць у сувязі з працягам рэпрэсіяў рэжыму ў дачыненні незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасці, а таксама апазіцыі і грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды. Мы асуджаем жорсткае абыходжанне з палітвязнямі і просім іхнага неадкладнага і безумоўнага вызвалення».

Саміт «Вялікай сямёркі» ў Італіі.
Фота: Remo Casilli / Reuters / Forum

Палітолаг Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў мяркуе: беларусам у Беларусі не варта чакаць ад гэтага саміту нейкіх адчувальных вынікаў.

«Колькі такіх сустрэчаў ужо было, і не раз, і не два, і абмяркоўваліся тыя самыя пытанні, і мы не бачым, каб быў нейкі рух па гэтых пытаннях. Але ўсё ж той факт, што беларускае пытанне падымаецца, што беларускі бок чуецца, гэта мае патэнцыйны ўплыў, асабліва, калі мы дакладна не ведаем, як вайна скончыцца, як будзе выглядаць архітэктура бяспекі Еўропы».

Цяпер у Групе сямі старшынюе Італія. Міністр замежных справаў менавіта гэтай краіны Антоньё Таяні і запрасіў Святлану Ціханоўскую на саміт.

«Гэтае запрашэнне – гэта такі жэст Італіі, самога міністра ў бок Беларусі, важнасці для яго асабіста і для Італіі пытання аднаўлення дэмакратыі і свабоды ў Беларусі», – зазначае Дзяніс Кучынскіі.

Па выніках саміту Святлана Ціханоўская паабяцала, што будзе рабіць усё магчымае, каб пытанне Беларусі не сыходзіла з міжнароднага парадку дня.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»