Якасць не паспявае за цаной


У першым квартале года Беларусь заняла пятае месца ў рэйтынгу росту спажывецкіх цэнаў сярод постсавецкіх краінаў, толькі на чатыры дзясятыя адстаючы ад Украіны. «Pozirk.online» прааналізаваў афіцыйныя статыстычныя звесткі і з іх вынікае, што ў Беларусі цэны выраслі больш чым на два з паловаю адсоткі. Пытанне, ці расце таксама якасць харчоў айчыннае вытворчасці?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паўтоны харчоў сумнеўнай якасці выявіла санстанцыя на Магілёўшчыне цягам двух тыдняў. Праверылі 56 буйных сеткавых крамаў, якія прадаюць таксама і ўласную кулінарную прадукцыю ды хлеб. Кантралёры прыходзілі без папярэджання. Раман Аўраменка, намеснік галоўнага санітарнага ўрача г. Магілёву распавядае:

«Выключыць, канешне, што нехта паведаміць ці не паведаміць – за ўсіх не магу. Але ж гэта мерапрыемства тэхнічнага характару, пра якое не апавяшчаецца».

Згодна са справаздачаю з Магілёўшчыны лідаруе сярод парушэнняў – няпоўная маркіроўка ці яе адсутнасць, то бок няма праўдзівай інфармацыі пра склад прадукту. На другім месцы – пратэрмінаваныя прадукты, на трэцім – брак дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспечнасць. «Якія ў вас прэтэнзіі да беларускіх харчоў?» – запыталіся ў гледачоў.

«Усё з прадуктамі ў Беларусі добра. Натуральныя і смачныя».

«Малако, якое гарчыць, калі скісае, асабліва якаснае. Тварог на смак – не зразумела што. Але гуркі і памідоры прыўкрасныя, асабліва іхная цана».

«Па шчырасці, некаторыя харчы зрабіліся нейкія не такія. Інгрэдыенты памянялі ці што? Але проста шукаеш, каштуеш і адкрываеш для сябе іншыя прадукты-аналагі».

13 % апытаных заўважылі «пагаршэнне смакавых характарыстык любімых харчоў». 17 % маюць «сумневы ў праўдзівасці інфармацыі на этыкетках», і 63 % лічаць, што «якасць не адпавядае кошту на пэўныя харчы».

Сярод прычынаў – адсутнасць праз санкцыі пэўнай сыравіны, але не толькі.

«У развітых краінах вытворчасць прадуктаў сельскай гаспадаркі ў асноўным механізаваная і аўтаматызаваная. У Беларусі тое, што мы не можам дазволіць сабе набыць аўтаматы і машыны, замяняем людзьмі. На жаль, людзі могуць недзе недаглядзець, недзе – безгаспадарлівасць, недзе – няўважлівасць. Вось якасць нашая і цярпіць», – кажа эксперт у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

Але кошты растуць, няхай і ў межах таго калідору, які рэжым рэгулюе адміністратыўна. «Позірк-онлайн» прааналізаваў афіцыйныя статыстычныя звесткі што да інфляцыі на так званай постсавецкай прасторы. У першым квартале года Беларусь заняла пятае месца ў росце спажывецкіх цэнаў, толькі на чатыры дзясятыя адстаючы ад Украіны. (Азербайджан – 3,2 %, Казахстан – 3,2 %, Кыргызстан – 3,2 %, Украіна – 3 %, Беларусь – 2,59 %). Базавая інфляцыя – удвая меншая, кажа экспертка.

«Напрыклад, паслугі ЖКГ яны павысілі на пачатку года. Гэта адміністратыўнае такое павышэнне. Таксама не ўключаны сезонны фактар. Напрыклад, фрукты, гародніна. Калі мы гэтыя два фактары выключым, то цэны выраслі на 1,3 %», – адзначае старэйшая навуковая працаўніца «BEROC» Анастасія Лузгіна.

Журналісты «Tochka.by» спраўдзілі, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя Белстату пра падаражэнне мыйных сродкаў менш чым на адсотак цягам паўгоддзя. Гэтак гель для каляровых тканінаў «Лоск» у цане прыбавіў на чвэрць. А «Персіл» падаражэў на траціну. Дзеля справядлівасці варта згадаць, што на 8 % патаннеў гель «Тайд».

Так ці інакш інфляцыя запаволілася ў параўнанні з мінулым годам да 6 % у гадавым вымярэнні. І такая тэндэнцыя захаваецца ў першым паўгоддзі, кажа Анастасія Лузгіна. Аднак гэта не азначае, што кампанія рэгулявання коштаў была паспяховаю.

«Цэны нібыта моцна не растуць на тыя тавары, якія рэгулююцца. А пытанне ў тым, ці захавалася тая якасць тавараў, якая была першапачаткова, напрыклад, год таму на нашых паліцах», – пытаецца Анастасія Лузгіна.

Замкнёнае кола, у якім круцяцца вытворцы, якім трэба прадукаваць танней і спажыўцы, дзеля падтрымання якіх гэтыя кошты стрымлівалі. Але ў выніку – змянілі смакі і належную якасць іхных улюбёных прадуктаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»