У Менску судзяць журналіста і музыкаў


Чарговы суд над журналістам. Шэсць гадоў калоніі пагражае Ігару Карнею. Ягоную справу пачынае разглядаць у Менскім гарадскім судзе Сяргей Кацар.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дыпламаты Еўразвязу і некалькіх еўрапейскіх краінаў каля будынку суда выказалі салідарнасць з Ігарам Карнеем, і ўжо традыцыйна да іх чапляліся прапагандысты:

«Жанчына, вы так прыгожа ўсміхаецеся. Проста з вельмі прыгожым выразам твару стаіць моўчкі ля будынку суда. Які асноўны пасыл вашай тут прысутнасці?»

Ігар Карней вядомы як трэвэл-блогер, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі.

«Апошнія гады ён працаваў на “Радыё Свабода” да пазбаўлення акрэдытацыі, перад гэтым былі іншыя выданні. Ігар Карней – чалавек з вялізным досведам, з вялізным бэкграўндам ведаў і журналіст, які заўсёды імкнуўся паглыбіцца ў сітуацыю, паглыбіцца ў матэрыял», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

За кратамі Ігар Карней – з ліпеня мінулага года. Пры затрыманні ў яго ўдома ўчынілі ператрус, забралі камп’ютары і тэлефоны. Спачатку арыштавалі на 10 содняў, потым распачалі крымінальную справу. 56-цігадовага журналіста абвінавачваюць у нібыта ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.

«Улады працягваюць рэпрэсаваць не толькі тых журналістаў, хто застаўся і спрабуе працягваць нейкую працу, (здаецца гэта ў Беларусі практычна немагчыма), але і людзей, якія калісьці раней працавалі на незалежныя медыі, калісьці здымалі нейкія матэрыялы або траплялі пад рэпрэсіі ў сувязі са сваёй працай на медыі», – кажа Барыс Гарэцкі.

Сёння ж – у судзе Кастрычніцкага раёну Менску – пачаўся працэс над трыма ўдзельнікамі гурта «Nizkiz».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Феміда на фасадзе дома правасуддзя ў Берасці.
Фота: Белсат

«Ніхто нікога душыць за творчасць не будзе, такога ніколі не было ў нашай найноўшай гісторыі і ніколі не будзе», – так заяўляў Лукашэнка неўзабаве пасля арышту музыкаў.

Сюжэт пра затрыманне разам з гэтак званымі пакаяннымі відэа Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна паказвалі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, схлусіўшы пры гэтым, што музыкі нібыта выехалі з Беларусі, а потым вярнуліся. Насамрэч за мяжой – у Варшаве – жыве толькі Леанід Несцярук.

«Ім цікава, каб гэта былі заўважныя постаці, бо тэрор мусіць тэрарызаваць, казаць усім астатнім: вось глядзіце, што з вамі будзе, калі не пакаецеся, не прыйдзеце з прабачэннямі і гэтак далей», – мяркуе музычны блогер Іван Падрэз.

Гурт «Nizkiz», заснаваны ў 2008-ым годзе ў Магілёве, выпусціў пяць студыйных альбомаў. Музыкі актыўна займаліся канцэртаваю дзейнасцю, шмат гастралявалі.

«За час свайго існавання з 2008 года менавіта яны станавіліся вельмі частымі гэдлайнерамі буйных рок-фэстаў – што ў Бабруйску, што ў Лідзе, што ў Браславе. І сапраўды іх ведалі, падтрымлівалі і падпявалі іхныя песні тысячныя натоўпы», – кажа музычны даследнік і радыёжурналіст Віктар Сямашка.

У 2020-ым годзе песня «Правілы» сталася адным з гімнаў паслявыбарчых пратэстаў, а ў кліпе на песню музыкі выкарысталі здымкі аднаго з маршаў на праспекце Незалежнасці ў Менску.

«Калі паглядзець тыя відэа, якія здымалі сілавікі з ужо затрыманымі “Nizkiz”, то там было бачна, што прасілі наспяваць песню “Правілы”. То бок песня стала галоўным трыгерам, можа быць, нагодай для арышту», – мяркуе Віктар Сямашка.

Удзельнікаў гурта «Nizkiz» вінавацяць у нібыта арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Справу разглядае Алена Жывіца. Музыкам пагражае да пяці гадоў зняволення.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»