Чаму ў Беларусі дагэтуль ёсць бадзяжная жывёла?


Беларусы скардзяцца на небяспеку ад вулічных сабакаў, але зграі бяздомнікаў – гэта не самая праблема, а яе наступствы. На жаль, у нашай краіне дагэтуль не навучыліся рэгуляваць колькасць бадзяжнай жывёлы і не прынялі заканадаўства, якое б абараняла жывёлу. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зграя вулічных сабак на вачах у жыхароў Калодзішчаў падрала казулю», – згодна з выданнем «Калодзішчы інфо», агрэсіўныя бадзяжныя жывёліны раней нападалі і на жыхароў паселішча.

У мясцовым сельсавеце ведаюць аб праблеме: «Я асабіста не займаюся бадзяжнымі сабакамі, але ведаю ўжо дакладна, што другі тыдзень “Экаспецтранс” да нас выязджае і ловіць іх неяк. Яны прыязджаюць, ну не ведаю, разы 4 ужо напэўна за гэты тыдзень былі. Скажам так, не немагчыма, а цяжка іх адлавіць».

Зоапсіхолаг тлумачыць, што сабака злы не проста так, ён ахоўвае свой маладняк або месца, дзе корміцца. А яшчэ агрэсію можна пабачыць ад сабакаў у гэтак званым «сабачым вяселлі».

«Вядома, яны не заўсёды з’ядаюць каго-небудзь, звычайна яны адпужваюць брэхам або выпадамі, але гэта стандарт. Чаму? Бо агрэсія – гэта неадʼемная якасць, яна ўласцівая жывым істотам, гэта натуральныя паводзіны – трэба ахоўваць і рэсурсы і тэрыторыю», – кажа зоапсіхолаг Сяргей Клачко.

Калі вы трапілі на такую зграю, то лепей абысціся без уцёкаў, каб не справакаваць сабаку вас даганяць, а павольна адыходзіць бокам. Калі абмінуць не атрымалася, варта шукаць укрыццё, якім можа быць бак для смецця або капот машыны.

«Старацца стаяць паўбокам да жывёлы, якая робіць выпады, брэша, нападае, але пакуль яшчэ не кусае вас. Вось вы стаіце, перад сабой вазьміце за пяткі гэты абутак: красоўкі, сандалі, што заўгодна. Жывёла будзе старацца схапіць ваш абутак, а не вашыя рукі», – тлумачыць зоапсіхолаг Сяргей Клачко.

Калі напад адбыўся, паўстае рызыка заразіцца шаленствам. Імавернасць залежыць ад эпідэмічнай сітуацыі ў рэгіёне і ад таго, ці была пашкоджаная скура пры ўкусе.

«Пасля ўкусу сабакі неабходна добра прамыць рану вадой і звярнуцца па медычную дапамогу ў найбліжэйшы траўматалагічны пункт», – раіць лекар Зміцер Яскевіч.

Рэальная прычына праблемы – у адсутнасці дзяржаўнай праграмы для абароны і рэгулявання колькасці жывёлы, лічыць журналістка Марыля Дакуцька, якая даследуе гэтую тэму. Да прыкладу, у Грузіі бадзяжных жывёлінаў стэрылізуюць, вакцынуюць, ставяць на ўлік і адпускаць. Гэтак, яны не ўяўляюць пагрозы чалавеку.

«Ініцыятывы такога кшталту, каб рэгуляваць колькасць або стэрылізаваць, як у Грузіі ці іншых краінах, яны насамрэч паступалі, але дзяржаве невыгодна, таму што існуюць іншыя праграмы па тым жа адлове і адстрэле, чым займаецца жыллёва-камунальная гаспадарка і, вядома ж, гэта грошы», – зазначае журналістка Марыля Дакуцька.

За выкіданне гадаванца на вуліцу беларускае заканадаўства прадугледжвае адміністратыўны штраф ад 10 да 30 базавых. Але нікога не прыцягваюць нават да гэткай адказнасці. Таксама беларуская дзяржава ніяк не кантралюе развядзення хатняй жывёлы. Да прыкладу ў Польшчы на вуліцах не сустрэнеш бадзяжных сабакаў і катоў, бо працуюць дзяржаўныя прытулкі ды заканадаўства, што вымушае стэрылізаваць чатырохлапых, не прызначаных для разводу.

У Беларусі пануе нізкая сацыяльная адказнасць у дачыненні жывёлы не толькі на дзяржаўным узроўні, але і на грамадскім. Калі людзі перастануць бяздумна пладзіць сабакаў і катоў ды выкідаць іх на вуліцу, то мы не будзем сутыкацца з праблемаю бадзяжных жывёлінаў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»