Юрыю Хашчавацкаму споўнілася 75


Аўтар «Звычайнага прэзідэнта» і «Плошчы» Юрый Хашчавацкі сёння адзначае юбілей – тры чвэрці стагоддзя. Уся творчая дзейнасць выбітнага дакументаліста, што нарадзіўся ў Адэсе, звязаная з Беларуссю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння я разумею, што ўсё знішчана, усё вытаптана ў гэтай краіне, і галоўнае – вытаптаныя душы вельмі многіх людзей», – так у 2015-м Юрый Хашчавацкі ацэньваў стан беларускага грамадства.

Юрый Хашчавацкі ўдзельнічаў і ў палітычным жыцці Беларусі. Ён сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, удзельнічаў у выбарчых кампаніях, стаяў ля вытокаў Менскага аб’яднання габрэйскай культуры.

«Ён рэжысёр з палітычным парадкам дня. Калі паглядзець яго фільмы – яны якраз скіраваныя на чалавека, на людзей, на палітыку, на грамадства, на перамены. І таму мне складана аддзяліць яго як творчую асобу і як чалавека з моцнай грамадзянскай пазіцыяй, у гэтым якраз і адметнасць Хашчавацкага», – кажа экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Дакументальны фільм «Звычайны прэзідэнт» летась адзначыў 25-гадовы юбілей – у 1996 годзе рэжысёр стварыў сатырычны партрэт дыктатара ў пачатку карʼеры. Агулам жа Хашчавацкі – аўтар трох дзясяткаў дакументальных стужак, шматлікія з якіх надзвычай актуальныя і сёння.

«Вось “Каўказскія палонныя”, напрыклад. Ён ні ў якім разе не палітычны фільм, хоць ён пра вайну ў Чачэніі. Вельмі многія людзі, якія незадаволеныя сваім жыццём, думаюць, што вайна можа палепшыць іх жыццё. А аказваецца, што гэта прыводзіць да страшнай катастрофы», так пра сваю стужку казаў Юрый Хашчавацкі ў дакументальным фільме Вольгі Нікалайчык «Кіно і катлеты».

Адзін з апошніх фільмаў Юрыя Хашчавацкага «Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі “русский мир”» таксама прысвечаны даследаванню гісторыі суседняй краіны – ад Івана Трэцяга, празванага «збіральнікам зямлі рускай», да анексіі Крыму Расеяй ды ўзброенага канфлікту на Данбасе ў 2014-м.

«Карціна, якая працягвае традыцыі “Лабатаміі”, і ёсць такой адукацыйнай стужкай, якая распавядае пра тое, а што ёсць такое той самы “русский мир”, як ён з’явіўся, як на працягу некалькіх стагоддзяў адпрацоўваліся ягоныя стратэгіі і тактыкі, як ён уплывае на само насельніцтва Расеі ды на тых, хто вакол яе», – казаў пра гэтую стужку кінакрытык Андрэй Расінскі.

Юрый Хашчавацкі – лаўрэат шматлікіх прэстыжных міжнародных прэміяў, сярод якіх прэмія Міжнароднага кінафестывалю ў Сан-Францыска «Golden Gate Award», гран-пры «Human Rights Watch», прэмія імя Сахарава расейскага звязу пісьменнікаў «Апрель», гран-пры Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў.

«Якраз сёння ў гэты дзень – і дзень народзінаў Вітаўтаса Ландсбергіса, таксама асобы, палітыка, еўрапейца. У яго – 90. Так што, Юрасю, мы ведаем да якіх юбілеяў табе трэба яшчэ цягнуцца і падцягвацца. Здароўя!», – жадае Юрыю Хашчавацкаму Анатоль Лябедзька.

Наш тэлеканал далучаецца да віншаванняў. Здароўя і творчых поспехаў, спадару Юрый!

Ірына Дарафейчук, «Белсат»