Сусветны банк: эканоміка Беларусі будзе падаць


Сусветны банк паведаміў, што ўсе крэдыты Беларусі болей не абслугоўваюцца. Таксама фінансавы інстытут у сваім кастрычніцкім прагнозе прадказвае падзенне беларускай эканомікі амаль на 6 адсоткаў у наступным годзе. У той час як беларускія ўлады абяцаюць рост ВУП, заробкаў і экспарту. Чым абернецца для Беларусі спыненне супрацы з сусветным банкам? І ці апраўданы аптымізм лукашэнкаўскіх эканамістаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь пратэрмінавала плацяжы за крэдыты, таму іх абслугоўванне спыняецца. Пра гэта заявіў Сусветны банк. Беларусь вінная гэтай арганізацыі 967 мільёнаў долараў. Ад прапановы ўраду вяртаць пазыку ў беларускіх рублях банк адмаўляецца. Вынік – штраф за пратэрмінаванне. Але найгорш тое, што Сусветны банк болей не фінансуе важных праектаў у нашай краіне.

«Мы страцілі такога партнёра на міжнароднай арэне, які мог бы на аснове сваёй экспертызы, на падставе назапашанага досведу, фінансавых рэсурсаў спрыяць далейшаму развіццю краіны», – кажа старэйшы навуковы працаўнік BEROC Анастасія Лузгіна.

Грошы Сусветнага банку прыходзілі ў Беларусь праз Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Сродкі ішлі на будаўніцтва дарог, развіццё адукацыі, аховы здароўя і іншых галінаў. Гэтак, за замежныя ўкладанні ў нашай краіне адрамантавалі болей за 200 школаў. Агулам Беларусь атрымала больш за 2 мільярды долараў крэдытаў за ўвесь час супрацы банкам. Але дзеянні рэжыму Лукашэнкі паклалі канец усім гэтым карысным праектам.

«Пасля расейскага ўварвання ва Украіну і вайсковых дзеянняў супраць народу Украіны Група Сусветнага банку неадкладна скасавала ўсе свае праграмы ў Расеі і Беларусі», – заявіла кіраўніцтва Сусветнага банку сёлета ў сакавіку.

Ацаніў Сусветны банк і перспектывы беларускай эканомікі. У сваім кастрычніцкім аглядзе ён прадказвае, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў наступным годзе ўпадзе на больш як два адсоткі. У той час як прызначаны Лукашэнкам урад мяркуе, што ВУП, наадварот, мае вырасці амаль на чатыры адсоткі. А рэальныя заробкі вернуцца да леташняга ўзроўню.

«Пры адначасовай дынаміцы зніжэння інфляцыі паводле гадавых вынікаў як мінімум у намінальным выразе заробак у нас не зменіцца, а, хутчэй за ўсё, ён будзе расці. І паводле гадавых вынікаў мы чакаем выхаду на рэальны заробак каля 100 %», – заяўляе Дзмітрый Ярашэвіч, намеснік міністра эканомікі.

Планы ўладаў што да заробкаў могуць ажыццявіцца, мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч. Нават ва ўмовах санкцыяў. Бо не так шмат беларусаў працуе на вонкавыя рынкі. Адных толькі бюджэтнікаў у нас прыблізна 20 адсоткаў ад занятых у эканоміцы. Таму заходнія санкцыі не прывялі да рэзкага абвалу ўзроўню жыцця ў Беларусі.

«Калі паглядзець зрэз вялікай статыстыкі, то мы пераканаемся, што ў рэальнасці нічога не адбываецца. Шмат гадоў ні даходы грамадзянаў не растуць, ні нейкіх сур’ёзных узрушэнняў не адбываецца», – кажа Аляксей Харкевіч.

Але чыноўнікі бачаць перспектывы для росту. У прыватнасці, праз экспарт у Расею і Кітай.

«У Кітай мы змаглі нарасціць прадукцыю ў 2,5 разы, у РФ – на 30 %, і мы бачым яшчэ рэсурсы. Доля беларускага тавару на расейскім рынку цяпер складае каля 8 %, калі яшчэ год таму гэта было 5,5 %», – расказаў у інтэрв’ю дзяржаўным медыя намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч.

І знешнегандлёвае сальда ад пачатку года дадатнае: Беларусь прадала за мяжу тавараў на 3,5 мільярда долараў болей, чымся імпартавала сама. Але падобна, што гэта маніпуляцыі са статыстыкай.

«З аднаго боку, мы маем дадатнае сальда. Яно сапраўды вышэйшае, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Але і экспарт агулам, і імпарт скараціліся. Таму мы маем “дадатны” вынік», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.

Пераарыентацыя на далёкі кітайскі рынак, аднак, вядзе да значнага павышэння выдаткаў на лагістыку, мяркуе Анастасія Лузгіна. Што да Расеі, то яна сама не ў найлепшай эканамічнай сітуацыі. Таму Беларусь вельмі рызыкуе, ставячы сваю эканоміку ў залежнасць ад экспарту ў адну краіну.

Валянцін Васіленка, «Белсат»