Выбух у менскім метро: з'явіліся новыя акалічнасці


11 красавіка 2011-га года ў самым цэнтры Менску на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў час пік грымнула бомба, пакінутая ў торбе на платформе. Загінулі 15 чалавек, былі параненыя некалькі соцень.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Здарэнне вокамгненна кваліфікавалі як тэракт, і ўжо праз дзень тагачасны міністр унутраных справаў Беларусі Анатоль Куляшоў абвясціў:

«Працаўнікамі Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і адмысловым падраздзяленнем «Алмаз» у горадзе Менску былі затрыманыя тры падазраваныя асобы, якія мелі дачыненне да выбуху».

Абвінавачаных у выніку засталося двое: Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Падчас следства ім таксама інкрымінавалі датычнасць да выбуху ў 2008-м годзе падчас святкавання ў сталіцы дзяржаўнага Дня незалежнасці. Суд пачаўся 15 верасня 2011-га, а прысуд яны выслухалі 30 лістапада таго ж года.

«Канавалаву канчаткова прызначыць смяротнае пакаранне – расстрэл, без канфіскацыі маёмасці. Па сукупнасці злачынстваў Кавалёву прызначыць смяротнае пакаранне – расстрэл, без канфіскацыі маёмасці», – зачытаў Аляксандр Федарцоў, які з 2005-га па 2025 год быў першым намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Беларусі.

Абодвух расстралялі ў сакавіку наступнага года. Хаця некаторыя адмыслоўцы меркавалі, што віна падсудных не даказаная.

Выбух самаробнай бомбы ўначы 4 ліпеня ў натоўпе гледачоў канцэрту каля стэлы «Менск – горад-герой» даў нагоду ўзмацніць кантроль на масавых мерапрыемствах. А працаўнікам унутраных органаў – браць адбіткі пальцаў у мужчынскага насельніцтва.

Былы міліцыянт, а цяпер прадстаўнік «BELPOL» Максім (імя змененае) узгадвае:

«Задачы ставіліся такія, што патрэбна дактыласкапаваць 100 % насельніцтва. Выдаваліся спісы паводле разнастайных катэгорыяў. Яны размяркоўваліся ў кожным РУУСе на погляд кіраўніцтва. А яно патрабавала як мага хутчэй і як мага болей чалавек падвергнуць гэтай працэдуры».

Змены ў заканадаўства, паводле якіх дактыласкапіі падлягаюць ваеннаабавязаныя, прапанаваў тагачасны міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў. Яны былі ўхваленыя ў канцы 2009-га года.

Дзмітрый Канавалаў здаў адбіткі пальцаў толькі 9 красавіка 2011 года, а ягоная дактыласкапічная карта з’явілася ў базе 11 красавіка. І ўжо 13-га кампʼютар паказаў супадзенне канавалаўскага адбітка з тым, што знайшлі на выбуховай прыладзе ў 2008-м годзе.

У кнізе журналіста Алега Груздзіловіча «Хто ўзарваў менскае метро?» ёсць інтэрвʼю з Іванам Шылам, які разам з Канавалавым служыў у 29-й зенітнай ракетнай брыгадзе.

У Беларусі згадваюць ахвяраў тэракту ў менскім метро на станцыі «Кастрычніцкая», які адбыўся 10 гадоў таму. Менск, Беларусь. 11 красавіка 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Ён нават на гаўптвахце сядзеў; яго наўмысна завозілі на менскую гаўптвахту за тое, што, дзяжурачы ў каранціне, не ўгледзеў, як адзін навабранец спрабаваў павесіцца. Спроба была няўдалая, не думаю, што Канавалаў мог усё пракантраляваць, але яго зрабілі адказным».

А між тым у трэцім раздзеле Правілаў унутранага распарадку на гарнізонных гаўптвахтах прапісаныя абавязковыя дактыласкапія і фатаграфаванне ўсіх, хто апынецца пад вартаю. Гэтыя звесткі павінныя быць далучаныя да асабістых справаў жаўнераў. Як мог пазбегчы такой працэдуры Дзмітрый Канавалаў і чаму ён не здаў адбіткаў пасля службы – незразумела.

Нават калі Канавалаў сапраўды датычны да выбухаў на «Кастрычніцкай» (пры спрыянні Уладзіслава Кавалёва) і каля Стэлы ў Менску… Атрымоўваецца, што выбуху ў метро не было б, калі б адказныя міліцэйскія ды вайсковыя асобы выконвалі свае абавязкі ды прапісаныя законы.

Поўную версію сюжэту глядзіце на Ю-Тʼюб-канале «Белсату» ў праграме «Тыдзень» за 17-га верасня.

Марына Яновіч, Марыля Дакуцька, «Белсат»