Еўракубкі-2023: застаўся толькі БАТЭ


Беларускія клубы правялі чарговыя матчы на футбольнай еўраарэне. Гарадзенскі «Нёман» у дзвюх сустрэчах саступіў славенскаму «Цэле» і пакідае трэці раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцыяў.

Барысаўскі БАТЭ развітаўся з другім паводле значнасці клубным турнірам Старога Свету – Лігай Еўропы, саступіўшы малдаўскаму «Шэрыфу». Аднак, згодна з рэгламентам УЕФА, барысаўцы атрымаюць яшчэ шанец працягнуць барацьбу ў плэй-оф Лігі канферэнцыяў. 1:5 у суме двух матчаў. Гарадзенскі «Нёман» прагуляў славенскаму «Цэле» і вылецеў з еўракубкаў.

«Трэба падзякаваць хлопцам за тое, што прыклалі максімум намаганняў. Вядома, гэта трэнерская параза. Настройваліся на іншую гульню. Не ўдалося нам дабіцца кампактнасці. Цяжкавата выглядалі, былі нейкія разрозненыя дзеянні, тактычныя памылкі, было шмат неапраўданага браку» – зазначыў галоўны трэнер «Нёмну» Ігар Кавалевіч.

Траўмы, адсутнасць некалькіх гульцоў асновы за тое, што падпісалі ліст супраць ґвалту ў 2020-ым. Гэта ўсё магло паўплываць на вылет «Нёмну». Аднак набыты досвед мае дапамагчы гарадзенцам пазмагацца за ўзнагароды ў чэмпіянаце.

«Здаецца, страціўшы такіх гульцоў, а яны важныя для каманды, «Нёман» павінен быў пасыпацца. Аднак клуб неймаверна блізкі да медалёў у гэтым годзе, хоць наперадзе яшчэ шмат матчаў. «Нёман» змагаецца за чэмпіёнскі тытул – мы можам адкрыта гэта сказаць, і гэта сенсацыйна», – распавёў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

БАТЭ застаўся адзіным прадстаўніком нашай краіны на еўрапейскай арэне. Параза ў першым матчы кваліфікацыі Лігі Еўропы 1:4 ад малдаўскага «Шэрыфу» пахавала шанцы на працяг далейшай барацьбы. У матчы ў адказ барысаўцы згулялі ўнічыю 2:2.

«Чэмпіянат Беларусі не расце, не расце, а падае ўзровень легіянераў, якія выступаюць у чэмпіянаце Беларусі. Адпаведна, БАТЭ не можа быць такім канкурэнтаздольным, як некалькі гадоў таму. Гэта відавочная праблема каманды», падкрэсліў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Цяпер БАТЭ працягне выступ у Лізе канферэнцыяў. Наступны супернік – косаўскі клуб «Балкані».

«У Косаве нам не будзе проста. Але мы спадзяёмся, што, з улікам нават гэтай гульні, здолеем прадэманстраваць той футбол, які дазволіць трапіць у групавы этап Лігі канферэнцыяў», паведаміў галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі.

Першы двубой плэй-оф паміж БАТЭ і «Балкані» пройдзе ў Косаве 24-га жніўня. Праз тыдзень – сустрэча ў адказ у Вугоршчыне. Як вядома, беларускія клубы праз санкцыі ўжо больш за год свае хатнія сустрэчы праводзяць за межамі Беларусі.

Павел Алейнікаў, «Белсат»