Беларускіх медыкаў прымушаюць прыскорыцца


Лекараў-стаматолагаў прымусяць працаваць хутчэй. Новыя нормы Мінздароўя скарачаюць час на лекаванне пацыентаў. Як адаб’юцца гэтыя новаўвядзенні на якасці лекавання? Чаму Мінздароўя перагружае лекараў працай? І ў чым галоўная праблема беларускай медыцыны? 

Стаматолагам паскорыцца – вымагае Мінздароўя. З лістапада скарачаюцца нормы часу на маніпуляцыі. На абязбольванне і часовую пломбу даюць не дзесяць і пяць хвілінаў адпаведна, а толькі тры. Выдаленне шматкаранёвага зуба – не паўгадзіны, а дзесяць хвілінаў. Агулам перагледзелі больш за васемсот нормаў часу.

«Гэта адназначнае пагаршэнне якасці паслуг. Бо ты ніколі не ведаеш, колькі часу патрэбна, каб паставіць пломбу. Раптам усё крывавіць, і табе трэба спыніць крывацёк, каб якасна ўсталяваць пломбу», – кажа беларускі стаматолаг Дзмітрый (імя змененае).

Згодныя з прагнозам лекара і нашыя гледачы – паказала апытанне ў сацсетках. У чыноўнікаў свая версія.

«Дакумент распрацаваны ў сувязі са зменамі, звязанымі з укараненнем новых метадаў дыягностыкі і лекавання стаматалагічных захворванняў з выкарыстаннем сучасных высокаэфектыўных стаматалагічных тэхналогіяў, матэрыялаў, інструментаў і абсталявання», – піша прэсавая служба Міністэрства аховы здароўя.

Застаецца і рэгуляванне тарыфаў на стаматалогію. Каб зрабіць яе даступнейшай – сцвярджаюць чыноўнікі.

«Лекараў не хапае, неабходнасць стаматалагічнай дапамогі высокая, таму лекарам скарачаюць час, каб яны болей прымалі. А плаціць пацыент будзе гэтулькі ж, і лекар за свае маніпуляцыі атрымліваць гэтулькі ж», – мяркуе Дзмітрый.

«Калі ацэньваць усю працу, якую лекар робіць за дзень, то яе больш не стане, яе стане меней. Бо дэзынфекцыя, прыбіранне, дакументацыя ёсць пасля кожнага пацыента. Пацыентаў стане болей, а часу на рэальную працу з ім стане меней», – кажа калега Дзмітрыя Міхаіл (імя змененае).

«Замест таго, каб слушна расставіць прыярытэты, скіраваць фінансавыя плыні і дзейнасць людзей у патрэбнае рэчышча, адбываецца толькі бізун па спінах. Давайце, хутчэй! Вяслуйце! Гэта галеры!», – распавядае пра стан беларускай медыцыны лекар-траўматолаг Аляксей Носаў.

Працу чыноўнікаў і стан медыцыны крытыкуе нават сам Лукашэнка.

«Не можа адзін чалавек ведаць усё і кіраваць усім. Яму патрэбная каманда адэкватных людзей, якія будуць кіраваць кожны на сваё пасадзе. А не бегаць і не зазіраць пад хвост кожнай карове. Ахова здароўя ў Беларусі – гэта адна са сфераў, якая адновіцца вельмі хутка пасля знікнення дыктатуры. Бо людзі ведаюць, што рабіць, проста ім не даюць гэта рабіць», – мяркуе Аляксей Носаў.

Людзі выгараюць – кажа лекар. Гэта адна з прычынаў нястачы кадраў. Адных толькі лекараў-спецыялістаў не стае больш як чатыры з паловай тысячы. Лукашэнка патрабуе пашыраць набор студэнтаў-медыкаў з мэтавымі накіраваннямі. Але ці дапаможа?

Валянцін Васіленка, «Белсат»