Ці можа Беларусь стаць альтэрнатываю збожжаваму калідору?


Крэмль пакуль не збіраецца працягваць збожжавую ўгоду ды пагражае ўсім бакам, якія наважацца гэта зрабіць без удзелу Расеі. «Тут, безумоўна, пытанне, якое патрабуе каментара з боку нашых вайскоўцаў, бо гаворка ідзе аб зоне, якая непасрэдна набліжаная да раёну баявых дзеянняў, і без адпаведных гарантый бяспекі там узнікаюць пэўныя рызыкі», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак у Маскве адрэагавалі на прапанову Украіны да Турэччыны і ААН падоўжыць працу чарнаморскіх дамоўленасцяў у трохбаковым фармаце. Напярэдадні Расея заявіла, што адмаўляецца ад збожжавай угоды, якая дазваляла адносна бяспечна экспартаваць украінскія харчы праз Чорнае мора. У Еўразвязе заклікалі міжнародную супольнасць да рашучага адказу.

«Я думаю, што гэта заслугоўвае пэўных дзеянняў на ўзроўні Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Мы не можам сядзець і проста скардзіцца. Яны выкарыстоўваюць голад як зброю», – падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Летась, яшчэ да падпісання чарнаморскіх дамоўленасцяў, Лукашэнка прапанаваў наладзіць пастаўкі праз тэрыторыю Беларусі. Але прапанова не была жэстам добрай волі. За магчымасць транзіту праз тэрыторыю нашай краіны ён патрабаваў даць доступ афіцыйнаму Менску да балтыйскіх партоў ды зняць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў. Аднак, на думку палітолага Валера Карбалевіча, цяпер рэалізацыя гэтай задумы яшчэ менш верагодная, чым летась:

«Бо зʼявіўся чыннік ядравай зброі, ПВК Вагнэра на тэрыторыі Беларусі, не спыняецца міграцыйны крызіс».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адпраўка першага судна з зернем з Украіны у Басфор. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Паводле ВВС, калі збожжа нельга адправіць праз Чорнае мора, Еўразвяз мае альтэрнатыўны план. Гэтак, экспарт у парты Балтыкі можна наладзіць праз мяжу з Польшчай ці ў румынскі порт Канстанца. Афіцыйная Варшава гатовая павялічыць транзіт, але магчымасці чыгуначнай сеткі ва Усходняй Еўропе абмежаваныя.

«Цяпер пачынаецца збор ураджаю. Калі ён пачнецца ва Украіне, у Польшчы, відавочна, што плынь будзе яшчэ большай. Мы мусім прымусіць Еўразвяз палепшыць інфраструктуру. Гэта яшчэ адна рэч, з якой я ўвесь час звяртаюся ў Еўразвяз», – паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх рэгіёнаў Польшчы Робэрт Тэлюс.

Пры гэтым Робэрт Тэлюс выказаўся за тое, каб Брусель працягнуў абмежаванні на імпарт украінскага збожжа, якія дзейнічаюць да 15 верасня не толькі ў Польшчы, але і ў Славаччыне, Балгарыі, Румыніі ды Вугоршчыне. Пры транзіце па сушы большая частка сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны засталася менавіта ў гэтых краінах, што выклікала зніжэнне коштаў на ўнутраных рынках ды незадаволенасць фермераў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»