Еўропа ўзмацняе антырасейскія санкцыі


З апоўначы 18 чэрвеня Літва спыніла транзіт некаторых грузаў з Расеі ў Калінінградскую вобласць. Літоўская чыгунка атрымала тлумачэнні ад Еўрапейскай камісіі, што цяпер забарона будзе тычыцца нават і тых тавараў, на якія дагэтуль дзейнічалі санкцыйныя паслабленні пры імпарце ў Еўразвяз. Ці шмат страціць ад гэтага беларуская чыгунка?

Губернатар расейскай Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў даведаўся пра больш жорсткую забарону, калі ўдзельнічаў у Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт -Пецярбурзе. Ён назваў такую навіну «не самай прыемнай, мякка кажучы»:

«По нашим предварительным оценкам, это от 40 до 50 процентов номенклатуры грузов, которые перевозились между Калининградской областью и остальными регионами РФ. Это, в том числе, строительные материалы, цемент, металлы, целый ряд других важных и для строительства, и для производства; готовая продукция, которая вывозилась с нашей территории», – кажа галава.

Раней Аліханаў быў упэўнены, што жорсткае перакрыццё чыгуначных перавозак нявыгаднае для еўрапейскіх краінаў, і што ў пятым пакеце антырасейскіх санкцыяў было выключэнне для калінінградскага транзіту. Аднак цяпер неабходна тэрмінова пераарыентавацца на марскі транспарт. А гэта лагістычныя цяжкасці і большыя выдаткі.

Антон Аліханаў таксама выказваў надзею, што транзіт будзе захаваны ў любым выпадку, бо, з ягоных словаў, Літва брала на сябе такі абавязак, калі ўваходзіла ў Еўразвяз.

«Мы считаем, что это – грубейшее нарушение протоколов вступление в ЕС балтийских государств, нарушение правил свободного транзита в/из Калининградской области, обязательства ЕС и обязательства Прибалтики. Я уж не говорю, что это существенный гуманитарный вопрос, попытка экономического удушения нашего региона».

Губернатар Аліханаў, у той жа час, сцвярджае, што транзіт з Расеі ў Калінінградскую вобласць – унутрынацыянальны, таму абмежаванні не мусяць датычыць ні чыгункі, ні аўтамабільнага транспарту. Насамрэч, так і было дагэтуль.

Цяжкасці з дастаўкаю расейскіх і беларускіх грузаў па Еўропе паўсталі ў красавіку ў выніку пятага пакету антырасейскіх санкцыяў. Аднак абмежаванні не тычыліся транспартавання лекаў і харчоў, а таксама не закраналі аўтамабільных гуманітарных місіяў.

Ці паўплывае чарговае ўзмацненне санкцыяў на дабрабыт жыхароў Беларусі і прыбытак «Беларускай чыгункі»? Апошняя атрымлівала плату за транзіт праз нашую тэрыторыю ад экспедытарскіх кампаніяў. Эканаміст Леў Марголін лічыць праблему літоўска-расейскай.

Паводле ягоных словаў, «гэта не нашае вяселле». Ён патлумачыў: «калі скарачаецца транзіт праз Літву, ён, адпаведна, скарачаецца і праз Беларусь, бо няма іншага чыгуначнага шляху з Расеі да Калінінградскай вобласці, акрамя як праз Беларусь і праз Літву. Але я думаю, гэта не вельмі вялікі абсяг для беларускай чыгункі. І я не чакаю, што гэта нейкім чынам заўважна адаб’ецца на гаманцах простых беларусаў».

Прэзідэнт Навукова-даследчага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук таксама мяркуе, што для беларускай эканомікі, якая імкліва падае, яшчэ большае скарачэнне чыгуначных зносінаў з Калінінградам не стане крытычным момантам. Хоць у пэўным сэнсе гэта ўсё роўна паўплывае: «Некаторая частка беларускага бізнесу таксама будзе падпадаць пад гэтыя санкцыі. Так што гэта – яшчэ адзін крок да яшчэ большай ізаляцыі Беларусі. Але гэты крок можа мець значна большыя наступствы. Бо ізаляцыя Калінінградскай вобласці – гэта такі стрэл у Расейскую Федэрацыю, якая сёння не мае ні калідору, нічога».

Са словаў Яраслава Раманчука, паводле ўласнай ініцыятывы Літва не наважылася б на такі крок – ён, вядома, быў узгоднены з Еўрапейскім Звязам у межах супольных намаганняў, каб прымусіць Расею як мага хутчэй спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. «Гэта раздражняе. Безумоўна, РФ, як агрэсар, нейкім чынам адкажа. Крый Божа, каб яна зрабіла гэтага нейкім іншым, ваенным шляхам. Але тут ужо калі ваяваць – дык трэба ваяваць», – адзначыў спадар Раманчук.

Кіраўнік Калінінградскага рэгіёну Антон Аліханаў неяк заявіў, што для адаптацыі да жыцця ва ўмовах санкцыяў спатрэбіцца адзін-два гады. Тады адзначаў, што можна ж перавозіць грузы морам, абыходзячы Літву і Латвію, або пусціць самалёты над нейтральнымі водамі Балтыйскага мора. Але які дадатковы аб’ём давядзецца перанакіроўваць – афіцыйнай інфармацыі няма.

А Дзярждума Расеі ўжо пагражае «рэзкімі захадамі рэагавання».

Зрэшты, пажывём – пабачым.

Марына Яновіч, Белсат.