Колькасць аварыяў з удзелам дзікай жывёлы расце


Дарожна-транспартныя здарэнні, прычынай якіх ёсць выхад дзікай жывёлы на праезную частку, – з’явы, на жаль, не рэдкія. Паводле Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, асцярогу выклікае штогадовы рост іх колькасці. Чаму адбываюцца падобныя ДТЗ і як іх пазбегчы, мы разбіраліся ў наступным матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жывёліны амаль заўсёды перасякаюць дарогі ўначы, калі рух транспарту менш інтэнсіўны. У гэты час яны шукаюць ежу і спрабуюць пазбегчы сустрэчы з людзьмі і драпежнікамі. Але сканцэнтраванымі кіроўцы маюць быць заўсёды: нечаканы госць можа зʼявіцца перад вашым аўтам у любы час.

«Захаванне хуткаснага рэжыму і павольная язда не раз ратавалі аўтамабіль і жыццё. Не адзін раз былі такія выпадкі, калі казулі і ласі выходзілі на дарогу, і калі б хуткасць была вельмі высокай, то, магчыма, было б сутыкненне з імі», – распавёў аўтаэксперт Святаслаў.

Менавіта на травень – чэрвень прыпадае пік дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам капытных: казуль і ласёў. Аператар Зялёнага тэлефону (інфалініі, што дапамагае беларусам самастойна развязваць экалагічныя праблемы) тлумачыць, чаму дзікія жывёліны неадэкватна паводзяцца на дарогах менавіта ў гэты час.

«Апроч відавочнай прычыны (гэта пошук ежы), увесну жывёліны перамяшчаюцца яшчэ і ў пошуках спрыяльнага месца для ацёлу. Гэты перыяд, калі ласіхі і казулі нараджаюць дзяцей, адбываецца ў траўні – чэрвені», – тлумачыць аператар Зялёнага тэлефону Ягор.

Адметна, што ласіха адганяе ад сябе дзіцянятаў, якім споўніўся год. У гэты перыяд яна займаецца толькі нованароджанымі. У выніку маладыя, аднагадовыя ласі ў пошуках ежы робяцца частымі гасцямі на дарогах.

«Лепш быць у гэты перыяд вельмі ўважлівым на дарозе і звяртаць увагу на дарожныя знакі «Дзікія жывёліны». Пры з’яўленні жывёлы нельга сігналіць і спрабаваць яе аб’ехаць: паводзіны казулі і лася могуць быць непрадказальныя», – папярэджвае аператар Зялёнага тэлефону Ягор.

Што рабіць, калі ўсё ж такі здарылася непрыемная сітуацыя і вы трапілі ў дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам дзікай жывёліны?

«Пры дарожна-транспартным здарэнні з жывёлінамі трэба выклікаць паліцыю ці ДАІ, якія прыедуць і правільна ацэняць сітуацыю. Таму што, напрыклад, калі вы збілі жывёліну і зʼехалі, то гэта можа потым прывесці да нейкіх санкцыяў», – распавёў аўтаэксперт Святаслаў.

Удзельніку такога ДТЗ нельга пакідаць месца здарэння і куды-небудзь перамяшчаць тушу жывёліны. Амаль у ста адсотках выпадкаў у такіх аварыях кіроўца прызнаецца невінаватым, таму што прадбачыць паводзіны жывёлы немагчыма. Але грошы на рамонт уладальнік пацярпелага аўта можа атрымаць толькі пры наяўнасці страхоўкі «каска». Абавязковая страхоўка грамадзянскай адказнасці ў гэтым выпадку не працуе.

Што ж да статыстыкі ДАІ, летась у Беларусі зафіксавалі больш за 3370 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам жывёлінаў. У выніку загінула амаль 2300 казуляў, 915 ласёў, 150 кабаноў і 98 аленяў. Асобнай статыстыкі таго, колькі пры гэтым пацярпела кіроўцаў і пасажыраў, няма.

Павел Алейнікаў, «Белсат»