Лукашэнка ачоліць УНС?


Падрыхтоўка да паседжання сходу – на фінішнай прамой. Але ж у Лукашэнкі засталіся неразвязаныя пытанні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я думаю, што склад прэзідыуму ўжо вызначаны, магчыма, Лукашэнка ўжо яго зацвердзіў. А тое, як будзе праходзіць галасаванне, – гэта чыста тэхнічны, фармальны момант. Да таго ж можна з вялікай доляй упэўненасці прагназаваць, што Лукашэнка зойме крэсла старшыні сходу», – адзначыў палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Склад УНС, адрапартаваў гэтак званы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, ужо цалкам сфармаваны. Агулам у ім – 1162 дэлегаты. Акрамя Лукашэнкі ды іншых службоўцаў месца ва УНС занялі 350 дэпутатаў мясцовых саветаў і 400 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Аднак сярод апошніх – выключна лаяльныя дэлегаты, у тым ліку чальцы БРСМ і «Белай Русі».

«Гэта цалкам імітацыйны орган, які імітуе дэмакратыю. Насамрэч дэлегаты фактычна нікім не абраныя, нават паводле самых нізкіх беларускіх стандартаў. Адпаведна, яны нікога па сутнасці не прадстаўляюць, акрамя ўласна саміх уладаў. Праз УНС Лукашэнка хоча імітаваць дэмакратычныя працэдуры, каб надаваць быццам легітымнасці як прынятым рашэнням і зацверджаным дакументам, так і самому сабе», – патлумачыў каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

У новым, ужо канстытуцыйным статусе УНС мае зацвердзіць абноўленыя Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Вайсковую дактрыну. На пачатку года праекты гэтых дакументаў ухваліў Лукашэнка, патлумачыўшы такую неабходнасць, цытата, актуальнымі выклікамі і пагрозамі.

«Усебеларускі народны сход»
Шосты «Усебеларускі народны сход». Менск, Беларусь. 10 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Якія менавіта пытанні яшчэ разгледзіць УНС, рэжым дагэтуль не паведаміў. Але, мяркуе Вадзім Мажэйка, цалкам верагодна, што пакуль чыноўнікі будуць успрымаць УНС як новы прыярытэт, то ўсе рашэнні будуць скіроўваць туды на зацверджанне:

«Паглядзім, ці звядзецца гэта проста да сапраўды такой “карыкатуршчыны”, альбо яны змогуць імітаваць нейкія працэдуры, абмеркаванні. Нават зараз пакуль незразумела, як гэтыя абмеркаванні будуць працаваць. Бо ў тым жа парламенце, хай сабе і беларускай імітацыйнай палаткі, але ж там ёсць профільныя камісіі. Ва УНС гэтага пакуль увогуле няма і не надта зразумела, як гэта ўвогуле можа выглядаць».

Важнасць рашэнняў УНС раней падкрэсліў Лукашэнка. Маўляў, прэзідэнту давядзецца з імі лічыцца.

«Я думаю, ён меў на ўвазе сітуацыю пасля сябе. Ён усяляк гоніць думкі пра тое, што ён нявечны, але ж усё адно з гэтым даводзіцца змірыцца. І мне здаецца, што Лукашэнка бачыць сход у перспектыве як нейкую процівагу новаму прэзідэнту, які можа раптам надумае лібералізацыю праводзіць», – дадаў Аляксандр Класкоўскі.

Першае паседжанне Усебеларускага народнага сходу пройдзе 24-25 красавіка.

Ірына Юрʼева, «Белсат»