18 красавіка адзначаюць Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў


Яшчэ некалькі гадоў таму гэтымі днямі на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак можна было заўважыць шматлікія экскурсіі. Бо да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцінаў, што адзначаецца з ініцыятывы ЮНЭСКО васямнаццатага красавіка, быў прымеркаваны фэст экскурсаводаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння ў Беларусі акцыі такога маштабу, як, напрыклад, у юбілейным 2019-м, уявіць немагчыма, адзначае тагачасны старшыня праўлення беларускага аддзялення Міжнароднай рады аховы помнікаў і славутасцяў пры ААН, дацэнт ЕГУ Сцяпан Стурэйка:

«Мяне папрасілі як старшыню праўлення тагачаснага падпісаць дыпломы ўдзельнікаў, экскурсаводаў. І гэта доўжылася амаль дзве гадзіны – больш за трыста дыпломаў з усіх вобласцяў. Нават за межамі краіны, ва Украіне, у Вільні, у Польшчы, адбываліся гэтыя экскурсіі».

З гэтага года экскурсаводы маюць праходзіць атэстацыю паводле новых правілаў. Так, цяпер да атэстацыі на кваліфікацыю не дапусцяць тых, каго абвінавачвалі на падставе пратэставых артыкулаў. Да таго ж, шмат хто з найбольш яскравых прадстаўнікоў прафесіі або ў зняволенні, або мусіў выехаць з Беларусі праз пераслед. Адбылася і зачыстка гістарычна-культурных арганізацыяў.

«Нядаўна ліквідаванае “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, якое існавала з 60-х гадоў XX стагоддзя, шмат хто абвінавачваў у канфармізме або ў іншы перыяд, наадварот, у палітызацыі справы аховы помнікаў», – кажа Сцяпан Стурэйка.

Змаганне вядзецца і з асобнымі помнікамі. Напрыклад, 30-га сакавіка знік помнік Ларысе Геніюш пры царкве ў Зэльве. Шмат якія гістарычна-культурныя каштоўнасці, нават калі маюць ахоўны статус, маюць занядбаны стан, як, напрыклад, помнік сядзібна-паркавай архітэктуры васямнаццатага стагоддзя – палац у Жамыслаўлі на Гарадзеншчыне. З іншага боку, дзеюць праграмы рэстаўрацыі, якія археолаг і грамадскі дзеяч Алег Трусаў у інтэрв’ю «Народнай волі» называе «хваляю замкавага адраджэння»:

«Закончылі тое, што пачалі яшчэ ў савецкія часы, а менавіта: давялі да ладу Мірскі, Лідскі і Нясвіжскі замкі. Сёння робіцца замак у Горадні (хоць яго праект шмат хто крытыкуе), і робіцца як каралеўскі палац Стэфана Баторыя, гэта вельмі важна. Працягваецца праца ў Крэўскім замку, нават Гальшанскі замак пачысцілі ад смецця, закансервавалі і зрабілі адну вежу» (цытата паводле nv-online.info).

Аднак нярэдка застаюцца прэтэнзіі да якасці рэстаўрацыі гістарычных абʼектаў, адзначае мастак-рэстаўратар Антось Радзівонаў:

«Напрыклад, ліфт у Мірскім замку, шахта якога звонку абклееная такой плітачкай – кафелька і рыскі. У замку XVI стагоддзя рабіць такое – проста варʼяцтва нейкае».

Праблемы рэстаўрацыі не толькі ў нястачы спецыялістаў, але і ў нястачы сродкаў. Але дзяржава і не мусіць заўсёды быць гаманцом, падкрэслівае Сцяпан Стурэйка. Дзяржава мусіць найперш дапамагаць у правядзенні даследаванняў і развіваць прыватную ініцыятыву.

«Дзяржава мусіць не баяцца перакладаць адказнасць за культурную спадчыну на грамадзянскую супольнасць, на бізнес, на беларускае грамадства. І тады справа пойдзе істотна хутчэй і прадуктыўней, як можам назіраць у краінах Балтыі», – перакананы Сцяпан Стурэйка.

На практыцы гістарычныя помнікі, што ўжо прыйшлі ў стан глыбокага заняпаду, афіцыйныя ўлады выстаўляюць на аўкцыён за некалькі базавых велічыняў, у спадзеве, што пакупнік адновіць іх за свой кошт згодна з патрабаваннямі да рэстаўрацыі. Так, у Глыбокім нават за 37 рублёў некалькі гадоў не могуць прадаць будынак былога кляштара кармелітаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»