Ці чакае Пуціна Гаага?


«Пуцін відавочна ўчыніў злачынства і такое пакаранне – цалкам апраўданае», – так пракаментаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пастанову суда ў Гаазе аб выдачы ордара на арышт прэзідэнта Расеі. Салідарныя з ім і ўкраінскія ўлады…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А вось, расейскае Міністэрства замежных справаў ніякай занепакоенасці ня выказала. Наадварот, заявіла, што пастанова Міжнароднага суда ня мае ніякага значэння ў Маскве. Дык ці чакае Пуціна Гаага і ці належны гэта інстытут пакарання для забойцы?..

«Лічу, што ён мусіць адказаць за ўсе справы ды злачынствы… Яму нават пажыццёвы тэрмін у турме будзе вельмі лёгкім пакараннем… Хочацца штосьці пакутлівае прыдумаць», – так жыхары Кіева рэагуюць на навіну.

Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Гэта – сёмы выпадак абвінавачання судом кіраўніка дзяржавы з 2002 года – з даты заснавання інстанцыі.

«Гэта – так званы Оскар у свеце правасуддзя. І ён яго атрымаў. З пункту гледжання міжнароднага права, гэта – вельмі вялікі сігнал усёй супольнасці і, вядома, Украіне, што гэтыя ваенныя злачынствы будуць расследаваныя», – мяркуе юрыст-міжнароднік Лявон Марозаў.

Паводле пастановы суда, кампанію Пуціну на лаве падсудных мусіць скласці ўпаўнаважаная пры прэзідэнце Расеі ў справе правоў дзяцей Марыя Львова-Бялова. Менавіта яна, паводле суда ў Гаазе, з падачы Пуціна зрабілася адказнай за вываз малых украінцаў з акупаваных тэрыторыяў у Расею.

Паводле ацэнкі ўкраінскіх уладаў, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання з акупаваных тэрыторыяў вывезлі больш чым шаснаццаць тысяч дзяцей. Прымусовую дэпартацыю расейскія ўлады часцей за ўсё камуфлююць пад аздараўленне ў дзіцячых лагерах або пад арганізацыю медычных планавых аглядаў. Таксама адной з прычынаў вывазу дзяцей ёсць «патрыятычнае перавыхаванне». Паводле даследавання Ейлаўскай школы, дзеля гэтай мэты, на тэрыторыі Расеі створаныя сорак тры спецыяльныя лагеры.

«Акрамя ўсынаўлення, акрамя перадачы ў расейскія сем’і і размяшчэння ў санаторыі, яны перавыхоўваюць нашых дзяцей… Кадыраў каментаваў, што з Украіны прыбываюць дзеці, якія спяваюць украінскі гімн, якія ня любяць Расею, і гэта – складаныя падлеткі. І для таго, каб іх перавыхаваць, стварылі лагер пад Грозным, куды іх адпраўляюць. Гэты крок мае паскорыць уступленне ў гэтую сітуацыю трэцяй краіны-апякункі, якой Расея будзе павінная перадаваць інфармацыю пра нашых дзяцей…», – каментуе сітуацыю Аксана Філіпішына, былая омбудсвумен у справе дзяцей ва Украіне.

Юрысдыкцыю Міжнароднага суда ў Гаазе прызнаюць сто дваццаць тры краіны, за выключэннем, напрыклад, ЗША і Расеі. Згодна з гэтым, кіраўніцтва гэтых дзяржаваў мусіць ня толькі спрыяць расследаванню злачынстваў, але і выдаваць суду ў Гаазе ўсіх абвінавачваных, на якіх выпісаны ордар на арышт.

«Рана ці позна ён будзе асуджаны, і вопыт сусветны, у тым ліку, міжнародных судоў паказвае, што нават праз 20 гадоў людзей арыштоўвалі, дзе б яны не знаходзіліся», – мяркуе юрыст-міжнароднік Лявон Марозаў.

Да Пуціна Міжнародны крымінальны суд выдаў шэсць ордараў на арышт кіраўнікоў дзяржаваў. Адзіным асуджаным з іх на пяцьдзясят гадоў турмы за злачынствы супраць чалавечнасці стаў прэзідэнт Ліберыі Чарлз Тэйлар. Цяпер чакае выдачы ў Гаагу і лідар Судану Умар аль-Башыр. Ён застаецца пад следствам з 2010 года і вінаваціцца ў арганізацыі генацыду этнічных групаў краіны.

Ці можа ў гэтым спісе зʼявіцца прозвішча найбліжэйшага саратніка Пуціна – Аляксандра Лукашэнкі?

«Менавіта гэтая задача – стварэнне міжнароднага трыбунала па злачынствах супраць чалавечнасці – павінна нас абʼяднаць. Але гэта рашэнне залежыць ад нашых міжнародных партнёраў. Я перакананы, што мы зможам дамагчыся выніку і ордар на арышт грамадзяніна Лукашэнкі будзе выдадзены», – кажа намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Больш дзейсным інстытутам пакарання Пуціна і Лукашэнкі за ваенныя злачынствы эксперты называюць спецыяльны трыбунал. За яго стварэнне сёлета ў студзені прагаласаваў Еўрапарламент.

Наста Печанькова, «Белсат»