«Калядны кірмаш» ля Палацу спорту будзе дзеяць па 15 студзеня


Да Новага года – два тыдні, да каталіцкіх Калядаў – усяго тыдзень, а сёння ў Менску пачалі працу святочныя кірмашы. Найдаўжэй, амаль месяц, будзе дзеяць пляцоўка ля Палацу спорту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Арганізатары абяцаюць забаўляльныя праграмы для дзяцей і дарослых, гулянні ля ялінкі, святочны гандаль, але пакуль гэтага не бачна.

«Гэта – і грамадскае харчаванне, і традыцыйныя навагоднія ўпрыгажэнні, і падарункі харчовай і лёгкай прамысловасці, можна будзе сфатаграфавацца з Дзедам Марозам і Снягуркай», – пералічвае намесніца кіраўніка аддзелу гандлю Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслугаў Менгарвыканкаму Марына Круглова.

Арганізатары сцвярджаюць, што цягам аднаго святочнага дня кірмаш ля Палацу спорту ў мінулыя гады наведвалі да 25-ці тысяч гасцей. Сёлета ж усе гатэлі ў цэнтры гораду ўжо зарэзерваваныя расейскімі турыстамі. А вось з еўрапейскіх краінаў ні гасцей, ні гандляроў не чакаецца.

«Што датычыць рамеснікаў з дальняга замежжа, з Еўропы, то сёлета ёсць пытанні ў сувязі з візамі. Таму мы будзем радыя, але ў нас пераважна беларускія рамеснікі будуць стаяць», – кажа Марына Круглова.

Сёння ж пачаў працу кірмаш на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, бліжэй да святаў запрацуюць пляцоўкі ў Верхнім горадзе і Ракаўскім прадмесці, а таксама кірмашы ў раёнах сталіцы ды ў іншых гарадах Беларусі.

Міністэрства гандлю анансавала каля 14 тысяч рэкламных акцыяў, гульняў і распродажаў па ўсёй Беларусі, амаль на дзве тысячы больш, чымся летась. Абяцаюць чыноўнікі і нізкія цэны.

«Дзее пастанова № 713, якая абмяжоўвае гандлёвыя надбаўкі. Я хачу сказаць, што за кошт дзеяння гэтага абмежавання, за кошт фармавання цэнаў і за кошт акцыйных зніжак цэны ў рэспубліцы да Новага года будуць на шмат якія тавары і прадукты харчавання ніжэйшыя», – кажа Наталля Мельнікава, кіраўніца ўпраўлення гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Змяншэння асартыменту праз дзеянне заходніх санкцыяў беларускія пакупнікі не заўважаць, сцвярджае прадстаўніца міністэрства. Бо гандаль пераарыентаваўся на краіны, што не трапілі пад санкцыі.

«У нас шмат прадукцыі ў рэспубліку паступае з Расейскай Федэрацыі, з Кітаю, з сяброўскіх краінаў – Узбекістану і гэтак далей. То бок, вельмі шырокі асартымент», – кажа Наталля Мельнікава.

Сапраўды, у сталічным ЦУМе, апроч беларускіх аздобаў на ялінку, мы пабачылі толькі кітайскія, а яшчэ расейскія гірлянды, хлапушкі ды бенгальскія агні. А вось сярод штучных ялінак знайшліся дрэўца з Польшчы і нават з Украіны.

А ці паставілі вы ўжо ялінку і якую?.. На нашае пытанне ў сацсетках амаль палова гледачоў адказала, што ставіць штучнае дрэўца, а кожны чацвёрты не ставіць ялінкі ўвогуле:

«У мяне котка, таму, на жаль, без ялінкі».

«Традыцыі застаюцца, але святочнага настрою – нуль».

«З 2020 года стаіць непрыбраная… Бо жаданне, на жаль, так і не здзейснілася».

«Калі ўдома дзеці – трэба рабіць свята, нягледзячы ні на што!», – пішуць нашыя гледачы ў сацсетках.

А што лепш стварае святочны настрой, чымся водар жывой елкі? Самыя танныя ялінкі прапануюць лясгасы, але сёння набыць іх можна толькі на Берасцейшчыне. У астатніх рэгіёнах продажы ад лясгасаў пачнуцца пазней, з 20 снежня, а на Гомельшчыне – з 22–23 снежня. Цэны маюць застацца на ўзроўні мінулага года.

«У лясніцтвах ялінку да метра можна будзе набыць ад 8 рублёў, да двух метраў – ад 10 рублёў. На ёлачных кірмашах цэны будуць крыху вышэйшыя праз затраты на лагістыку, дастаўку ў гэтыя цэнтры».

Ялінка ў нашай рэдакцыі ўжо ўбраная – штучная. А для святочнага настрою дастаткова будзе, каб Калядны Дзед выканаў наша адно, агульнае на ўсіх жаданне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»