Алег Гулак: «Людзі даб‘юцца зменаў»


Раптоўна і нечакана. Напярэдадні не стала Алега Гулака. Праваабаронца, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту меў 55 гадоў. Папярэдняя прычыны смерці – спыненне сэрца…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свае спачуванні родным і блізкім Алега Гулака выказала Святлана Ціханоўская. Вянок памяці Алега – ад яго сяброў, паплечнікаў і калегаў.

«Незадаволенасць людзей усёй гэтай сістэмай настолькі глыбокая і натуральная стала, што яна нікуды не дзенецца. Я ўпэўнены, што людзі будуць выкарыстоўваць любую магчымасць, каб зменаў дабівацца, і даб‘юцца», – казаў Алег Гулак у інтэрв‘ю «Белсату» 31 снежня 2020.

…Алег Гулак. Бліскучы юрыст, праваабаронца, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту. Зусім нядаўна ён быў у беларускай дэлегацыі на ўзнагароджанні Алеся Бяляцкага медалём Нобэля.

«Гэта апора, якой нам усім цяпер будзе не ставаць, гэта адна з апораў беларускага праваабарончага руху», – кажа Таццяна Нядбай з Беларускага ПЭНу.

«Так атрымалася, што ўвечары перад тым, як спадар Алег адышоў, мы былі на супольным «Зуме», адносна павесткі кантактнай групы пры Радзе Еўропы. Ён быў такі жывы, актыўна прымаў удзел у дыскусіі. Гэта, канечне, вялікая страта для нас», – гаворыць Валер Мацкевіч з Каардынацыйнае рады.

Алег Гулак нарадзіўся ў сям’і школьных настаўнікаў у Жылічах на Магілёўшчыне. Скончыў школу з залатым медалём, атрымаў юрыдычную адукацыю ў БДУ. У 1996 годзе сышоў з пасады юрыста пінскага прадпрыемства «Камертон» у Хельсінкскі камітэт, які ўзначаліў у 2008-м годзе.

«Алег быў шчырым беларусам, прыхільнікам дэмакратызацыі нашай краіны, канечне, вяршэнства законаў у Беларусі, і таму вырашыў не займацца працай клерка», – згадвае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

«Ён быў вялікі прыхільнік беларускага рок-н-ролу. Мы неяк сустрэліся з ім на канцэрце гурта «Крама». Для іх пісаў тэксты я, і таксама для некалькіх альбомаў пісала тэксты яго жонка Наста Гулак», – распавядае рэдактар «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук.

Алег Гулак прысутнічаў на сотнях судовых паседжанняў, пісаў скаргі ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ў ААН, а таксама спрабаваў уплываць на дзяржаўную сістэму ў Беларусі. Былы працаўнік дэпартаменту выканання пакаранняў Васіль Завадскі згадвае: пазнаёміўся з Алегам Гулаком падчас суда, у якім яны выступалі па розныя бакі:

«Як раз пасля гэтага суда мы пачалі ўзаемадзейнічаць, пачалі супрацоўнічаць, пачалі больш разумець адзін аднаго. І гэта было адной з нагодаў, чаму я і сам прыйшоў у праваабарону».

Пасля 2020 года Алег Гулак быў вымушаны эміграваць з Беларусі. Складана перажываў рэпрэсіі супраць беларусаў, але не губляў надзеі і стараўся падтрымоўваць людзей.

«Чалавек з выбітным пачуццём гумару. У любой сітуацыі мог сапраўды знайсці нейкія патрэбныя словы, пажартаваць, нават калі сітуацыя цяжкая, то яна ўжо такой моцна цяжкой тады не падавалася», – зазначае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

«Аптымізм у тым, што людзі пабачылі каштоўнасць правоў чалавека», – падсумоўваў 2020 год Алег Гулак.

«Белсат» выказвае спачуванні жонцы Настассі ды дачцэ Дамініцы, усім родным і блізкім Алега Гулака. Спадзяемся, што справа ягонага жыцця закрасуе ў нашай краіне.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»