Калі чакаць беларускіх лекаў ад каронавіруса?


За тыдзень каронавіруснай інфекцыяй у свеце заразіліся тры мільёны чалавек. У Беларусі Міністэрства аховы здароўя лічбаў не называе, але сцвярджае, што хваля захворвання ідзе на спад. Аптымістычны прагноз агучыў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк. Пры гэтым Мінздароўя надалей заахвочвае беларусаў вакцынавацца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выбар, як і летась: вакцынаю расейскаю ці кітайскай, а цяпер яшчэ і кубінскай (абяцаюць, што яна з’явіцца ў паліклініках праз тыдзень). Кубінскія вытворцы запэўніваюць, што яна надзвычай эфектыўная, аднак беларускі доктар на ўмовах ананімнасці падзяліўся сваймі сумневамі:

«Кубінцы заяўляюць пра высокую эфектыўнасць прэпарату, але мы не можам быць упэўненыя, што іхныя стандарты і кантроль за правядзеннем клінічных даследаванняў адпавядаюць сусветным стандартам. Варта толькі спадзявацца, што яны маюць рацыю».

Больш за год улады абяцаюць беларусам айчынную вакцыну. Распрацоўвае яе «БелВітуніфарм» – прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вырабе перадусім ветэрынарных прэпаратаў. Калі ж ёй можна будзе прышчапіцца?

«У канцы года толькі плануем пробны варыянт выпусціць, таму я думаю, што да вясны яшчэ наўрад ці [будзе беларуская вакцына]», – лічыць суразмоўца Белсата з «БелВітуніфарм».

«Мы толькі пачынаем завод будаваць. Паўгода-год дакладна патрэбныя, пакуль яшчэ распрацоўванне заканчваецца».

Затое ўжо заканчваецца распрацоўванне беларускіх таблетак ад каронавіруса. Пра гэта распавяла загадчыца навукова-вытворчага цэнтру пры Інстытуце біяарганічнай хіміі Алена Калінічэнка:

«Намі ўжо зробленая тэхналогія атрымання субстанцыі. Магчыма нават у гэтым годзе плануем падаць на рэгістрацыю гэты прэпарат. Калі ўсё будзе добра, у наступным годзе прэпарат зʼявіцца ў аптэках».

Пакуль жа ў аптэках прадаюцца расейскія медыкаменты ад каронавіруса. «Мірабівір», як сцвярджаюць вытворцы, дапамагае хворым на ковід лягчэй яго пераносіць. Лекі адпускаецца па рэцэпце, і згодна са звесткамі медычных парталаў, купіць іх можна толькі ў адной сталічнай аптэцы. Цана «кусаецца» – 647 рублёў 94 капейкі за пяцідзённы курс для адной асобы.

«Расейцы сцвярджаюць, што гэта ўнікальная тэхналогія, але гэта не так», – упэўнены эксперт Белсата, якія пагадзіўся выказацца толькі на ўмовах ананімнасці.

«Прэпарат быў вынайдзены “Pfizer”, арыгінальная назва – “Paxlovid”. Клінічныя даследаванні паказалі, што гэтыя лекі сапраўды могуць знізіць імавернасць шпіталізацыі і смяротнага выніку прыкладна на 90 %. Арыгінальны “Paxlovid” каштуе каля 550 долараў. “Мірабівір” – джэнэрык, які павінен каштаваць разоў у дзесяць менш – 55 долараў».

Што праўда, беларусам яго прапануюць набываць не за 55, а за 255 долараў у эквіваленце. Дарэчы, 95 адсоткаў апытаных намі рэспандэнтаў не згодныя вакцынавацца расейскімі або беларускімі вакцынамі, ці купляць расейскія лекі ад ковіду. А ў аддзеле лекавага забеспячэння «Белфармацыі» нас запэўнілі, што неўзабаве ў продажы зʼявіцца яшчэ адзін прэпарат з Расеі:

«Гэта ўжо з наступнай пастаўкі, якую мы зараз афармляем. Можа быць у канцы наступнага тыдня ці праз тыдзень будзе новая пастаўка. Гэта будзе іншы вытворца і прэпарат будзе крыху таннейшы. Але не моцна. Гэта будзе ўсё роўна не самы даступны прэпарат».

Медыкі кажуць, што новы штам каронавіруса аказаўся лягчэйшым за папярэднікаў. Але дактары па-ранейшаму раяць насіць маскі ў грамадскіх месцах і весці здаровы лад жыцця.

Ян Федаровіч, «Белсат»