Рэжым прызнаў творы класікаў экстрэмісцкімі матэрыялам


Кажуць, з песні словаў не выкінеш. А вось кнігі з выдання «Беларускі кнігазбор», аказваецца, можна. Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс гэтак званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі прадмова да выдання і два вершы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, а таксама зборнікі з выбранымі творамі Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Някляева і Лідзіі Арабей.

«Мы ўсе завіслі ў прадказанні, калі ж пачнуцца спальванні кніжак. І што з імі будзе. І вось мы зараз размаўляем і смешна, і сур’ёзна, і вось ты спачатку смяешся, а потым думаеш: а чаму не? Баюся, што будуць чысткі ў бібліятэках, будзе падпольная літаратура і папулярнасць гэтых аўтараў будзе адназначна расці», – кажа паэт і перакладчык Алесь Плотка.

Канкрэтыка пакуль, аднак, ёсць толькі што да экстрэмізму твораў Дунін-Марцінкевіча. Разам з прадмоваю да выдання аўтара ў «Кнігазборы» экстрэмісцкімі на запыт Генпракуратуры прызналі вершы класіка «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». У апошнім вершы, напрыклад, ёсць такія словы: «Ці то так судзіў Бог з намі – гінуць век пад маскалямі?» Творы напісаныя ў час паўстання Кастуся Каліноўскага.

«Сёння мы маем сітуацыю з перабудовай, з аднаўленнем неарасейскай імперыі. Яна ставіць за мэту знішчэнне нацыянальнага. У іх ідэалогіі няма права на існаванне ні Украіны, ні Беларусі, а значыцца ні беларускай, ні ўкраінскай нацыі», – упэўнены палітык Павел Латушка.

«Творчасць Дунін-Марцінкевіча – яна была абсалютна антыімперская, што ў нашым кантэксце значыць антырасейская. Дзе абсалютна прамымі словамі называецца нацыя-каланізатар. Не самымі прыемнымі. Відаць, яны дагэтуль камусь дужа муляюць вока. Віншую класіка з актуальнасцю і не віншую ўсіх нас з тым, што гэта адбываецца», – дадае Алесь Плотка.

Сапраўды, паралелі з сучаснасцю відавочныя. Расейскі імперскі ўрад абвінавачваў Дунін-Марцінкевіча ў распаўсюдзе шкодных ідэяў. Таксама займаўся, цытата, «абуральнымі сачыненнямі на простанароднай мове». За гэта сядзеў у турме, пасля ж атрымаў аналаг цяперашняй «хатняй хіміі» – быў пад строгім наглядам паліцыі. Цяпер для рэжыму Лукашэнкі…

«Ён для іх перш за ўсё шляхціч, а гэта значыць паляк, удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў. Мяне зусім не здзівіць, калі найбліжэйшым часам, напрыклад, будуць забароненыя і прызнаныя экстрэмісцкімі творы Адама Міцкевіча. Яго ўвогуле можна абвінаваціць у русафобіі, экстрэмізме і чым заўгодна», – выказвае думку гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

«Прызнанне экстрэмісцкімі вершаў ХІХ ст. – гэта першы выпадак у нашай гісторыі, але баюся і думаю, што не апошні. У ХІХ ст. многа твораў і аўтараў, якія могуць не падабацца рэжыму. Асабліва калі ідзе свядомая палітыка дэбеларусізацыі і прасоўванне ідэалогіі «русского мира», – кажа старшыня беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Сёння ідэйныя нашчадкі царскіх жандараў і савецкага НКВД рэалізуюць досвед сваіх натхняльнікаў на лёсах дзясяткаў тысяч беларусаў і на ўсім тым, што можна ахарактарызаваць адным ёмістым слова – беларушчына.

«Давайце ўзгадаем, што на першую гадавіну рэвалюцыі 2020 года Лукашэнка публічна на прэс-канферэнцыі сказаў: мы зафіксавалі 46 700 асобаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. І яны ўсе будуць адказваць за тое, што зрабілі. Я думаю, што гэтую лічбу ўжо перавысіў. Намеснік начальніка ГУБАЗіК сказаў, што калі мы спынімся, значыць людзі зноў падымуць галаву», – кажа Павел Латушка.

«Гэта таксама дэманструе пэўную няўпэўненасць рэжыму. Хаця яны і абвяшчаюць сябе пераможцамі, падкрэсліваюць, што вось ужо трэцяя гадавіна пратэстаў пайшла, а Лукашэнка дагэтуль пры ўладзе і ўсё ў іх, падаецца, стабільна і яны моцныя, але тое, што яны паводзяць сябе настолькі смешна, што распачалі барацьбу з творамі Дунін-Марцінкевіча, – паказвае, што зусім не добра», – упэўнены Аляксандр Фрыдман.

Толькі за апошнія паўгода экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаныя 18 кніг. Сярод іх працы гісторыка Анатоля Тараса, палітычнага дзеяча Вацлава Ластоўскага, пісьменнікаў Альгерда Бахарэвіча і Аляксандра Смаленчука. Асноўныя маркеры экстрэмізму: тэксты пра беларускую нацыянальную ідэю, беларускі антысавецкі супраціў, альтэрнатыўны прапагандзе погляд на падзеі Другой сусветнай вайны.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»