Прадукты замест заробку


Прагаласавалі адзінагалосна. Працаўнікі «Полацк-Шкловалакна» згадзіліся атрымліваць частку заробку «натуральным таварам». Пры гэтым сума закупленых такім чынам прадуктаў харчавання або іншых тавараў не можа быць большаю за 200 рублёў.

«Такія практыкі бартарных выплатаў – гэта ад галечы, ад неэфектыўнага кіравання, ад таго, што прадпрыемства не мае абаротнага капіталу, – разважае навуковы кіраўнік Офісу простых рашэнняў і вынікаў Яраслаў Раманчук. – І калі рабочыя не маюць голасу, калі і прафсаюзы іх не бароняць, тады кіраўнікі робяць, што захочуць».

На самім прадпрыемстве кажуць пра адсутнасць прымусу ды звяртаюць увагу на зручнасць атрымання харчоў замест грошай:

«Грошы заканчваюцца ў людзей, яны прыходзяць у сталоўку або краму – і там нейкая курыца, фарш, каўбаса. Гэтыя прадукты можна ўзяць на ведамасць. Гэта зручна. Потым, калі надыходзіць дзень заработнай платы, у яго проста вылічваюць гэтыя грошы, якія ён выкарыстаў у працэсе пакупкі тавару. Гэта не абавязалаўка – выдаваць частку заработнай платы натурпрадуктам».

«Полацк-Шкловалакно» – адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў гораду і адзіны ў краіне вытворца шклотканінаў. Арганізацыя на сваім сайце дагэтуль хваліцца сярэднімі заробкамі памерам каля дзвюх тысячаў рублёў. Прадукцыя ў асноўным ідзе на экспарт. Аднак апошнім часам, з закрыццём рынкаў Еўразвязу, Японіі ды Украіны, фінансавае становішча «Полацк-Шкловалакна» пагоршылася.

«Санкцыі моцна паўплывалі на працу прадпрыемства, – даводзіць прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Рабочы рух» Аляксандр Сакалоў. – Гэтага не хавае кіраўніцтва. Яно агучвае, што на складах ляжыць трохмесячны запас прадукцыі. Адпаведна, няма рэалізацыі, няма збыту і проста няма чым плаціць заробак».

Сёлета на «Полацк-Шкловалакне» змянілі кіраўніцтва. У сакавіку новым генеральным дырэктарам зрабіўся Ілля Ікан. Ён прыйшоў на змену Раману Блізнёву, які ад мінулага лістапада застаецца пад следствам – яго вінавацяць у атрыманні хабару.

Новы кіраўнік зрабіў пэўныя захады для выпраўлення фінансавай сітуацыі на прадпрыемстве. Напрыклад, адправіў на лета ажно 255 працаўнікоў у прастой. Яшчэ 835 чалавек перавялі на няпоўны працоўны тыдзень – чатырохдзёнку. Пацярпелі і астатнія.

«Астатняя частка калектыву атрымлівае паніжаны заробак, без прэміяў. Такім чынам, заяўленыя 1800–2000 рублёў ператвараюцца ў 800–1000 рублёў. А тыя, хто цяпер у прастоі, атрымліваюць 400–500 рублёў», – кажа Аляксандр Сакалоў.

На думку Яраслава Раманчука, выплаты часткі заробку прадукцыяй або харчамі пакуль не надта распаўсюджаная з’ява, але… «Яны будуць пашырацца, калі беларуская эканоміка нічога не будзе рабіць, будзе заставацца ў Пракруставым ложы дзяржплану», – упэўнены Раманчук.

На пачатку верасня скончыцца тэрмін дзеяння загаду генеральнага дырэктара Ікана – больш за тысячу працаўнікоў мусяць вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў у поўным абʼёме. Між тым інфармацыі пра паляпшэнне продажаў прадукцыі ды разгрузку складоў на «Полацк-Шкловакне» няма.

Ян Федаровіч, «Белсат»