Латвія і Літва супраць міграцыйнага крызісу


Латвія працягне адсылаць назад у Беларусь асобаў, якія спрабуюць нелегальна мінуць мяжу. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік Кабінету міністраў Латвіі Крыш’яныс Карыньш.

Паводле слоў Крыш’яныса Карыньша, мігранты, якія адчуваюць небяспеку ў сябе на радзіме, могуць прасіць прытулку ў Беларусі.

За апошнія содні памежнікі Літвы і Латвіі вярнулі ў Беларусь больш за сотню асобаў, якія намагаліся незаконна мінуць мяжу. Паводле літоўскіх памежнікаў, трапіць у Літву на розных участках часта спрабуюць адныя і тыя ж людзі. З беларускага боку перыядычна чуваць аўтаматныя стрэлы.

А ў літоўскіх лагерах утрымання мігрантаў пачалі сваю працу мабільныя брыгады Дэпартаменту міграцыі, што рэгіструюць ды інфармуюць асобаў, якія трапілі ў краіну нелегальна.

«Галоўнае – гэта інфармаванне аб працэдурах, якія іх чакаюць: як доўга, што будзе зроблена, якія перспектывы іх чакаюць. Таксама інфармуем аб магчымасці вярнуцца дамоў дабравольна, бо Літва прапануе ім квіток на самалёт і 300 еўраў кожнаму», – кажа Эвеліна Гудзінскайце, дырэктарка Дэпартаменту міграцыі Літвы

Адзін з такіх лагераў – у будынку былой школы ў вёсцы Відзяняй. У асноўным тут застаюцца грамадзяне Малі і Самалі.

«Спачатку мясцовыя жыхары ставіліся негатыўна, бо гэта было нечакана і адразу столькі мігрантаў. Але пасля стаўленне змянілася. Мясцовыя жыхары прыносяць ежу, вопратку, гуляюць з мігрантамі ў футбол», – распавядае кіраўнік самакіравання Варэнскага раёну Альвідас Вярбіцкас.

Акрамя прадстаўнікоў Дэпартаменту міграцыі, у складзе мабільных групаў – памежнікі, прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў і перакладчыкі з арабскай, курдскай ды французскай моваў.

«Існуе шмат прычынаў, у кожнага свая гісторыя. Пачынаючы з культурніцкіх момантаў, сямейных канфліктаў. Для некаторых прычынаю прыезду сюды сталася вайна», – кажа перакладчык Ібрагім Гішам.

Эрвэ – студэнт. Два гады таму ён прыехаў з Камеруну ў Беларусь, аднак ня здолеў аплочваць навучання.

«Я паехаў у Беларусь як студэнт, бо мне не патрэбная была віза. Я проста прыехаў у аэрапорт і паляцеў у Беларусь. У маёй краіне не цярпімыя да такіх людзей як я, бо я гомасэксуал. У Камеруне я магу атрымаць пяць гадоў турмы ці проста быць забітым», – распавядае Эврэ.

З пачатку года мяжу Літвы з Беларуссю незаконна мінулі больш за 4 тысячы мігрантаў, абсалютная большасць – іракцы. Пакуль магчымасцю дабравольна вярнуцца на радзіму з фінансаваю дапамогаю літоўскага ўраду скарысталіся каля двух дзясяткаў чалавек.

Алесь Баразенка, «Белсат»