Куды схадзіць у Ноч музеяў


У свеце адзначаюць Міжнародны дзень музеяў. І Беларусь – не выключэнне. Наведнікаў чакае не толькі знаёмства са сталымі экспазіцыямі, але і ўнікальныя лекцыі, тэматычныя экскурсіі, майстар-класы і квэсты. Галоўнае – атрымліваць асалоду ад культурнага адпачынку сёння ў музеях магчыма цягам амаль усёй ночы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пакутнае Сярэднявечча» у Дукорскім маёнтку. Апынуцца ноччу ў сярэднявечным гарадзішчы і на свае вочы пабачыць рыцарскія турніры ды нібы жывыя сюжэты з народных казак – магчыма ў Дукорскім маёнтку. На вечары-рэканструкцыі «Пакутнае Сярэднявечча» госці акунуцца ў ваярскую культуру сярэдніх вякоў, пачастуюцца традыцыйным беларускім смакоццем ды наведаюць лазню з духмянымі зёлкамі. Для дарослых старажытныя забаўкі абыдуцца ў 20 рублёў, дзецям –  уваход удвая таннейшы.

Івацэвіцкі гістарычна-краязнаўчы музей – «Ноч вінілавай музыкі». Івацэвіцкі гістарычна-краязнаўчы музей запрашае адчуць сябе сапраўдным меламанам. Сёння госці ўстановы пазнаёмяцца з рэтра-пласцінкамі і прайгравальнікамі розных гадоў, а таксама самастойна запусцяць вініл з калекцыі музею. Арганізатары ўпэўненыя: цёплае гучанне кружэлак абавязкова падорыць незабыўныя эмоцыі. Уваход на падзею – вольны.

Містычная праграма ў Парку гісторыі Сула. Праграму для аматараў паказытаць свае нервы прапаноўвае Парк гісторыі Сула. 18 траўня там адбудзецца містычная начная экскурсія. Гасцей чакаюць жудасныя аповеды, легенды і паданні, удзел у шэсці з паходнямі і знаёмства з таямнічымі мясцінамі комплексу. Супакоіцца пасля страхоццяў дапаможа дэгустацыя старкі – моцнага алкагольнага напою, настоенага на грушавым лісці і кветках ліпы. Экскурсія стартуе а восьмай вечара. Кошт уваходу для дарослых – 30 рублёў. Для дзяцей – 15 рублёў.

Музей заводу «Аліварыя» – гід па стылях піва. Музей піваварства «Аліварыя» да свята падрыхтаваў новую дэгустацыйную праграму. Гасцей пачастуюць амерыканскім «hard drink», бельгійскім і індыйскім элем, французскім лагерам. Арганізатары раскрыюць сакрэты рэцэптуры папулярных гатункаў піва і раскажуць аб правільным спалучэнні пенных напояў з рознымі закускамі. У рамках Ночы музеяў удзел у дэгустацыі – бясплатны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ноч музеяў у Мастацкім музеі палаца Радвілаў у Вільні.
Крыніца: muziejunaktis.lt

Музей скейтбордынгу. Менскі Музей скейтбордынгу запрашае праехацца на вінтажнай дошцы савецкай вытворчасці і паглядзець на гіганцкі скейт. Да таго ж, арганізатары абяцаюць арыгінальную фотазону, гульні і конкурсы. Актыўныя ўдзельнікі імпрэзы пойдуць дадому не з пустымі рукамі – для іх падрыхтавалі прызы і сувеніры. Паспрабаваць сябе ў ролі скейтара можна за 15 рублёў.

Рыцарскае шоу і выступ фаернікаў у палацы Пацёмкіна. Аматары розных эпох знойдуць для сябе нешта цікавае ў палацы Пацёмкіна. Тым, каму даспадобы сярэднявечча, прапаноўваюць рыцарскі турнір, тым жа, хто захапляецца сучаснасцю, – дыскатэку і фаер-шоу. Падзеі адбудуцца ў парку комплексу. Каб патанцаваць з відам на палац 18-га стагоддзя, трэба заплаціць 12 рублёў.

Быхаўскі музей – падзеі з партызанскім каларытам. Паспытаць партызанскае жыццё на сваёй скуры прапаноўвае Быхаўскі гістарычна-краязнаўчы музей. Ён прыме наведвальнікаў заўтра, 18 траўня. Гасцей чакаюць інтэрактыўныя падзеі. Можна будзе напісаць франтавыя лісты, знайсці зашыфраваную запіску і прымераць вайсковую форму. Захаваць успаміны аб цікавым дні дапаможа фота, зробленае ў тэматычнай фотазоне. Каб пачуцца сапраўдным падпольнікам, плаціць не трэба – удзел у праграме бясплатны.

Варыянты, куды схадзіць, на гэтым не заканчваюцца. Сёлета арганізатары акцыі падрыхтавалі больш за 80 праграмаў у розных гарадах Беларусі. Знайсці імпрэзу па душы можна на афіцыйным сайце Ночы музеяў nochmuzeev.by.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»