У Вільні ідзе літаратурны фестываль імя Міхася Стральцова


Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» адбываецца ў гэтыя дні ў Вільні. Лаўрэатам прэміі Стральцова стаў паэт, пісьменнік і перакладчык Усевалад Сцебурака.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы з літаратарамі, дыскусіі ды мноства іншага. Такая багатая праграма сёлетняга літаратурнага фестывалю.

«Гэта знак якасці, знак прыналежнасці да нейкай «лігі лэдзі і джэнтльменаў», якія маюць што сказаць у беларускай культуры. Добра што імя Міхася Стральцова нас лучыць», – заявіў літаратар Андрэй Хадановіч.

Свята слова ладзіцца ўжо 13-ы год запар. Сёлета ўдзел у ім бяруць літаратары з Беларусі, Польшчы, Латвіі ды Швецыі.

«Гасцей досыць шмат, дзесьці каля 30. Гэта пісьменнікі, паэты, выдаўцы, перакладчыкі», – распавёў сакратар Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч.

Літаратурны фестываль ужо не першы год праходзіць не ў Менску, а ў Вільні.

«Ад таго, што мы ўсе разарваныя, раскіданыя, мы пазбаўленыя магчымасці хуткай інтэграцыі новых аўтараў. А яны пазбаўленыя магчымасці хутка далучыцца да прафесійнай супольнасці. Гэта адзін з нашых выклікаў», – лічыць старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

А вось літаратар Андрэй Хадановіч шукае пазітыў нават у такой сітуацыі.

«Мы зараз на тым этапе, калі носім сваё неба, сваё сонца, сваю Беларусь, сваю мову, сваю культуру з сабой. А значыць Беларусь часова ёсць там, дзе ёсць мы, дзе падаем адзнакі жыцця», – падкрэсліў Андрэй Хадановіч.

Галоўная інтрыга фестывалю – імя лаўрэата літаратурнай прэміі Міхася Стральцова. Ім стаў паэт Усевалад Сцебурака. Ён атрымаў прэмію «за развіццё і захаванне нацыянальных літаратурных традыцыяў, адметны стылістычна-інтанацыйны лад лірыкі, мастацкую вымалёўку канцэпту гістарычнай памяці». Галоўны прыз – выданне кнігі паэта «Беларускія зоркі», у якую ўвайшлі новыя і выбраныя вершы, пераклады, проза і эсэ аўтара.

«У нас будзе каля 15 прэзентацый самых розных кніг. Як правіла – гэта кнігі, выдадзеныя ў мінулым годзе. Літаральна цягам апошніх 3-4 тыдняў выйшла некалькі зборнікаў і мы ўжо іх прэзентуем», – паведаміў Ціхан Чарнякевіч.

Літаратурны фестываль у Вільні працягнецца заўтра. Завяршыцца ён першым канцэртам гурта «FILAMATY» – супольнага канцэптуальнага праекту гурта «RELIKT» і музыкі Уладзя Лянкевіча.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»