Уладзімір Мацкевіч спыніў галадаванне


«Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца», – гэтыя словы Уладзіміра Мацкевіча перадаў ягоны адвакат, пасла таго як палітзняволены філосаф і вядоўца «Белсату» спыніў сваё галадаванне ў менскім СІЗА.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спыніць галадаванне Уладзімір Мацкевіч пастанавіў учора ўвечары, пасля рэзкага пагаршэння стану і сустрэчы са следчым у сваёй справе. Такую заяву ён перадаў праз свайго адваката:

«Учора я стаў адключацца. Сусед выклікаў лекараў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я зразумеў, што справа зрушыла з мёртвага пункту. Я спыніў галадаванне і вечарам каля 19:00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца».

З заявы пра спыненне галадавання, якую сёння апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, вынікае, што цяпер Мацкевіча вінавацяць не толькі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, але і ў стварэнні ці ўдзеле ў дзеянні экстрэмісцкага фармавання.

«Прамая цытата майго таты: “Я вельмі спадзяюся, што не давядзецца аднаўляць галадаванне”. Але калі справа зноў будзе зацягвацца, то ён будзе вымушаны вярнуцца да гэтага. Я вельмі спадзяюся, што гэтага не здарыцца, хаця мы бачылі ў заяве новы артыкул супраць яго», – кажа Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча.

Палітзняволены філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч галадаваў трынаццаць дзён. Два апошнія дні ён галадаваў насуха – не ўжываў не толькі ежы, але і не піў вады.

«Пасля кропельніцы і тых вітамінаў, што яму ўкалолі, у яго з’явіліся сілы. Вечарам ён папіў моцнай гарбаты, і яму стала трошкі горш, але яго чакае яшчэ перыяд выхаду з галадавання, які ў два-тры разы даўжэйшы за самое галадаванне. І мы спадзяемся, што атрымаецца перадаваць адпаведныя харчы і медыкаменты, каб гэта аблегчыць», – кажа Надзея Лучанок.

Уладзімір Мацкевіч, які застаецца за кратамі са жніўня мінулага года, пайшоў на галадаванне, каб яму змянілі меру стрымання, завяршылі следства і як мага хутчэй перадалі справу ў суд. Беларуская грамадзянская супольнасць ініцыявала кампанію падтрымання зняволенага філосафа, да якой далучыліся таксама замежныя інтэлектуалы, палітыкі ды творцы.

Алесь Баразенка, «Белсат»