Час збіраць камяні: навошта футбалістаў адпраўляюць у калгасы?


Футбалісты клубу «Тарпеда-БелАЗ» выйшлі на поле. Калгаснае. Гульцы жодзінскай каманды разам з трэнерамі і адміністратарамі на ўгоддзях СВК «Першамайскі» назбіралі чатыры прычэпы камянёў. Паводле афіцыйнага тэлеграм-каналу тарпедаўцаў, гэткім чынам яны пастанавілі далучыцца да запэўнівання, цытата, «харчовай бяспекі краіны».

«Я не думаю, што ініцыятарамі гэтага мерапрыемства былі футбалісты. Бо я ведаю менталітэт футбалістаў. Таму гэта хутчэй ініцыятыва кіраўніцтва. Трэба разумець псіхалогію гульца. І калі яго прымушаюць займацца тым, што яму не падабаецца – збіраць камяні (не думаю, што футбалістам падабаецца збіраць камяні), то гэта ўдар па аўтарытэце галоўнага трэнера», – мяркуе футбольны трэнер Алег Дулуб.

Увагу на паездку футбалістаў на калгаснае поле чамусьці звярнуў тэлеграм-канал «ГУ «БАЗА», блізкі да сілавікоў. Яе тут назвалі «працоўнаю тэрапіяй дзеля новай матывацыі на перамогі». Апошнія ж вынікі «Тарпеда-БелАЗу» не найлепшыя: выбыццё з Лігі канферэнцыяў і пяць бязвыйгрышных матчаў у чэмпіянаце Беларусі.

«Гэта Беларусь, дзетка! Тут ябацькі павінны сплачацца вакол усіх удачаў і няўдач рэжыму. Калі ты прайграў, не забіў багата мячоў, то будзеш пакараны такой цудоўнай ініцыятывай», – пракаментаваў блогер і былы працаўнік у сферы ідэалогіі Андрэй Павук.

Меркаванні падпісчыкаў афіцыйнага тэлеграм-каналу «Тарпеда-БелАЗ» адносна мэтазгоднасці такой працатэрапіі для спартоўцаў наступныя:

«Пасля такіх гульняў толькі так і выхоўваць».

«Які, цікава, псіхічнахворы гэта прыдумаў? Ім па браме трэба біць 24/7, а не па палях скакаць».

«Лепш бы трэнаваліся, гуляеце ў апошні час, як каманда з апошніх месцаў…»

На думку Алега Дулуба, збіранне камянёў на полі наўрад ці матывуе футбалістаў. Пры тым, што, адзначыў эксперт, у камандаў часам здараюцца спады.

«Ніводзін трэнер не можа гарантаваць вынік. Тое, што там трэніровачны працэс павінен быць якасны, гэта прэрагатыва трэнерскага складу. Але вынік складана прагназаваць», – дадаў Алег Дулуб.

Збіраць камяні – не новая практыка для беларускага футболу. Гэтак, у 2021-ым годзе гульцы берасцейскага «Руху» працавалі на калгасным полі ў Пінскім раёне. Таксама пасля серыі няўдалых матчаў.

Супадзенне ці не, але пасля своеасаблівага тымбілдынгу на палях «Рух» у наступным матчы перамог. Але ці дапаможа такая тэрапія жодзінцам?

Ірына Юр’ева, «Белсат»