Як цяпер патрапіць у ЛПП


Дэпутаты спрасцілі механізм скіравання ў ЛПП. Гэтак званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі фактычна ў нязменным выглядзе засталіся ў Беларусі з часу СССР і маюць на мэце выпраўляць залежных ад алкаголю ды наркотыкаў асобаў з дапамогаю працы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Само словазлучэнне “прымусовае лячэнне” ў адносінах да залежнасцяў – гэта нонсэнс. Практыка паказвае, што эфектыўнасць менавіта лячэння вельмі сумнеўная. Напэўна, тут на першым месцы стаіць прымус: стварыць такія ўмовы, каб людзі баяліся зноў трапіць туды», – кажа доктар і праваабаронца Васіль Завадскі.

Раней асобу маглі змясціць у ЛПП пасля здзяйснення не менш як 4-ох адміністратыўных правапарушэнняў, правядзення дзвюх медычных камісіяў ды згодна з судом. Цяпер – пасля фіксацыі 3-ох правапарушэнняў, удзелу толькі ў адной медычнай камісіі ды на пастанову Міністэрства ўнутраных справаў. Таксама ў ЛПП цяпер могуць трапіць асобы, якія двойчы за год аказваліся ў арганізацыях аховы здароўя ў звязку з атручэннем пасля спажывання наркатычных сродкаў.

Згодна з аўтарамі зменаў у закон, гэтыя захады мусяць палепшыць лячэнне і далейшую сацыяльную адаптацыю нарказалежнай або хворай на алкагалізм асобы.

«Змагацца за здароўе людзей неабходна, але гэта мусяць быць захады медычнага, сацыяльнага характару. Ніяк не барацьба з дапамогай гэтых ЛПП, якія фактычна ёсць нічым іншым, як калоніямі», – мяркуе прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pixaby

Пры гэтым ЛПП, дзе нібыта лекуюць пацыентаў, падпарадкоўваюцца не Міністэрству аховы здароўя, а Міністэрству ўнутраных справаў. Паводле былога палітычнага вязня і пацыента такога прафілакторыю Віталя Жука, медычныя агляды для скіравання ў ЛПП праходзяць нават без удзелу самога чалавека:

«Чалавек стаіць у калідоры больніцы, ён там з супрацоўнікам РУУС, а іншы супрацоўнік, ягоны ўчастковы, бегае па ўсіх кабінетах і за гэтага чалавека збірае подпісы ў дактароў. Дактары ставяць подпіс: “здаровы”, і толькі адзін доктар – нарколаг – ставіць подпіс, што ты хворы».

Робіцца гэта, каб скіраваць змешчаную ў ЛПП асобу на прымусовыя працы ў прамысловай зоне. Напрыклад, на лесанарыхтоўку. За гэта пацыенты атрымліваюць мізэрны заробак. Прадукцыя ж ідзе на продаж, прычым не толькі па Беларусі.

«Існуе шэраг прыватных фірмаў на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаваў, куды прыходзіць гэтая прадукцыя, – разважае Віталь Жук. – Гэтыя фірмы ставяць свае пячаткі. Калі прыбыла прадукцыя ў Польшчу – ставіцца пячатка на кошыках “PL”».

На меркаванне Паўла Сапелкі, найбліжэйшым часам колькасць змешчаных у ЛПП асобаў можа вырасці. Агулам у Беларусі на ўліку нарколага застаюцца каля 160-ці тысяч асобаў. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі штогод трапляюць каля 7-мі тысячаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»